Лукашэнка пагражае прыватным бізнэсам ліквідацыяй, калі ня створаць прафсаюзы на сваіх прадпрыемствах

Аляксандр Лукашэнка. 6 лістапада 2020 году.

Аляксандар Лукашэнка запатрабаваў да канца году стварыць афіцыйныя прафсаюзы на ўсіх прыватных прадпрыемствах краіны.

«Мы з вамі дамаўляліся, што да канца гэтага году прафсаюзныя арганізацыі будуць створаны на ўсіх прыватных прадпрыемствах. Гэтае пытаньне да канца году павінен быць вырашана», — сказаў Лукашэнка на сустрэчы са старшынёй Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі Міхаілам Ордам у аўторак.

Калі гэта ня здарыцца, гэтыя прыватныя прадпрыемствы будуць ліквідаваныя.

«Жартаваць мы ня будзем болей, мы бачым, як некаторыя сябе павялі і ўзялі курс на разбурэньне дзяржаўнасьці», — сказаў Лукашэнка (відэа ягонага выступу выклаў тэлеграм-канал «Пул первого»).

Паводле закону «Аб прафэсійных саюзах», грамадзяне Беларусі маюць права на добраахвотнай аснове ствараць па сваім выбары прафсаюзы, а таксама ўступаць у прафсаюзы пры ўмове выкананьня iх статутаў. Сяброўства грамадзян у прафсаюзах ня цягне якіх-небудзь абмежаваньняў iх працоўных, сацыяльна-эканамічных, палітычных, асабістых правоў і свабод, гарантаваных заканадаўствам Беларусі.

Незалежныя прафсаюзы Беларусі неаднаразова заяўлялі пра ўціск іх правоў і звальненьне актывістаў з працы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Незалежныя прафсаюзы: больш за 100 рабочых буйных прадпрыемстваў звольнілі з пачатку страйкаў

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Правяраючыя выбачаліся, казалі што самі ў шоку». Чаму зачыняюць бары ў Менску?