Кангрэс Пэру прагаласаваў за імпічмэнт прэзыдэнта, той пагадзіўся пакінуць пасаду

Ліма, сталіца Пэру

Кангрэс Пэру прагаласаваў за імпічмэнт прэзыдэнта Марціна Віскары праз абвінавачваньні ў тым, што ён раздаваў дзяржаўныя кантракты за хабар.

Пра гэта паведаміла ВВС.

Віскара заявіў, што прымае вынікі галасаваньня, ня будзе рабіць ніякіх юрыдычных крокаў і пакіне прэзыдэнцкі палац.

Да ліпеня наступнага году, калі павінен быў скончыцца прэзыдэнцкі тэрмін Віскары, функцыі кіраўніка дзяржавы будзе выконваць сьпікер парлямэнту Мануэль Марына.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Пэру праз каранавірус мужчынам і жанчынам загадалі выходзіць на вуліцу ў розныя дні

Гэта ўжо другая спроба за апошнія два месяцы адправіць прэзыдэнта ў адстаўку, нагадвае ВВС. 57-гадовы Віскара раней адмаўляў абвінавачаньні ў тым, што ў часе губэрнатарства ў паўднёвай вобласьці Макегуа ўзяў хабар у памеры, эквівалентным 640 000 даляраў.

Перад цяперашнім галасаваньнем Віскара папярэдзіў, што вынікам імпічмэнту можа быць бязладзьдзе на фоне эканамічнай рэцэсіі, выкліканай пандэміяй каранавірусу.

Віскара стаў прэзыдэнтам у сакавіку 2018 году пасьля таго, як яго папярэднік на пасадзе Пэдра Пабла Кучынскі падаў у адстаўку на фоне заяваў аб куплі галасоў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Пэру захапілі падводную лодку з 2 тонамі какаіну

Летась Вікара распусьціў парлямэнт, спасылаючыся на перашкоды з боку заканадаўцаў у справе барацьбы з карупцыяй.

Прэзыдэнцкія выбары ў Пэру прызначаныя на красавік 2021 году. Канстытуцыя краіны забараняе Віскары балятавацца на другі тэрмін.