«Вучылі зьбіваць у гаражах». Дачка Юрыя Захаранкі пра герояў пратэсту і карані міліцэйскага гвалту

Турма на Аркэсьціна.

Выпускніца Акадэміі міліцыі Алена Захаранка, дачка зьніклага былога міністра ўнутраных спраў Юрыя Захаранкі, якая жыве ў Нямеччыне як палітычная ўцякачка, расказала Свабодзе, як яшчэ пры канцы 1990-х міліцыянтаў вучылі зьбіваць пратэстоўцаў. Паводле яе, цяперашнія мэтады сілавікоў напрацоўваліся ў сыстэме МУС дзесяцігодзьдзямі. Алена Захаранка называе мірных пратэстоўцаў героямі і чакае суду над замоўнікамі і выканаўцамі выкраданьняў і забойстваў Захаранкі, Красоўскага, Ганчара і Завадзкага.

Сьцісла

  • Калі бацька ўдзельнічаў у мітынгах, яны таксама былі маштабныя. Супрацоўнікі міліцыі расступаліся, і ён мог бесьперашкодна праходзіць да Дому ўраду. Ягоны аўтарытэт грамадзяніну Лукашэнку не даваў спакою.
  • У гаражах ім паказвалі, як біць мітынгоўцаў дубінкамі, не пакідаючы сьлядоў. Супрацоўнікі атрымлівалі прэміі за разгон дэманстрантаў. Гэта не падзеі апошніх гадоў. Фармаваньне моцнага карнага апарату праходзіла дзесяцігодзьдзямі.
  • Вельмі шмат розных прычын, чаму людзі ў міліцыі ня могуць адкрыта выказаць сваю думку, у тым ліку праз страх перад турмой, перад катаваньнямі ў турме. Тым ня менш прыстойныя людзі сярод супрацоўнікаў міліцыі ёсьць.

«А мой герой — ты»

— Зь якім пачуцьцем ваша сям’я сочыць за тым, што адбываецца ў Беларусі апошнія месяцы?

Алена Захаранка

— Зь вялікім пачуцьцём трывогі і гонару. Спадзяюся, што запануе справядлівасьць, і злачынца паўстане перад законам. Яны змаглі зьнішчыць лідэраў апазыцыі ў 1990-я гады, але саму ідэю разбурыць не ўдалося. Яшчэ тады быў створаны ценявы ўрад. За Захаранкам ішлі вайскоўцы, за Карпенкам ішоў народ. Калі мой бацька яшчэ ў тыя гады ўдзельнічаў у мітынгах, калі ўжо ня быў міністрам, мітынгі таксама былі маштабныя. Супрацоўнікі міліцыі расступаліся, і ён мог бесьперашкодна праходзіць да Дому ўраду. Ягоны аўтарытэт грамадзяніну Лукашэнку не даваў спакою.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як 20 гадоў жыла сям'я зьніклага Юрыя Захаранкі


— Вы былая супрацоўніца органаў унутраных спраў, выпускніца Акадэміі міліцыі, дачка былога міністра ўнутраных спраў. Як вы ацэньваеце дзейнасьць людзей у чорным, у аліўкавым, у балаклавах на вуліцах беларускіх гарадоў?

— Гэта бандытызм. Сапраўдная хунта. Супрацоўнік міліцыі абавязаны прадставіцца, паведаміць аб правапарушэньні, а потым ужо папярэдзіць дзеяньне правапарушальніка. Яны не разумеюць, што будуць адказваць за сваё бесчалавечнае стаўленьне да людзей. Усё гэта фармавалася на працягу ўсяго знаходжаньня ва ўладзе грамадзяніна Аляксандра Лукашэнкі. Пасьля адстаўкі майго бацькі асабовы склад праходзіў навучаньне яшчэ тады ў гаражах. Ім паказвалі, як найбольш мэтазгодна біць мітынгоўцаў дубінкамі, на пакідаючы сьлядоў. Супрацоўнікі атрымлівалі прэміі за разгон дэманстрантаў. Гэта не падзеі апошніх гадоў. Фармаваньне моцнага карнага апарату праходзіла дзесяцігодзьдзямі. Бог ім судзьдзя.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ад Алкаева да Шэймана. Сьпіс ключавых асобаў у справе зьніклых

Я згадваю, як у дзяцінстве я сядзела з татам у машыне, і ён запытаўся, якія кнігі я прачытала апошнім часам і хто мой герой. Я расказала пра кнігі і сказала: «А мой герой — ты». Ён усьміхнуўся. Такія цёплыя ўспаміны ў дзяцей застаюцца назаўсёды. А як сучасныя карнікі будуць расказваць пра свой «гераізм» сваім дзецям? Які сьлед яны пакінуць у гісторыі сваёй краіны?

— Маглі б вы больш падрабязна расказаць пра тое, як у гаражах вучылі зьбіваць?

— Я ведаю, што ўвесь асабовы склад, мужчыны, павінны былі вывучаць тэхніку зьбіцьця мітынгоўцаў, каб не пакідаць сьлядоў. Гэта было яшчэ ў 90-я. Гэта адбывалася дзесяцігодзьдзямі. Салдаты замбаваныя, яны бесьпярэчна выконваюць цяпер любы загад.

— Якія нормы, законы і правілы дзейнасьці МУС парушаюцца цяпер у Беларусі?

— Абсалютна ўсе. Правоў і законаў у гэтай краіне няма. Беларусь ператварылася ў запаведнік бяспраўя. Адсутнасьць Канстытуцыі, асабісты парлямэнт, кішэнныя судзьдзі і прыслужлівыя падданыя. Ёсьць у беларусаў права быць гаспадарамі сваёй зямлі, але ў Беларусі гаспадар — грамадзянін Лукашэнка, які захапіў уладу, які мае царскія паўнамоцтвы.

— Як вы думаеце, як адрэагаваў бы ваш бацька на гвалт у Беларусі?

— Усё сваё жыцьцё ён ня мог абыякава ставіцца да несправядлівасьці. Ён быў лідэрам заўсёды. Пазыцыя лідэрства, імкненьне зрабіць унёсак у разьвіцьцё грамадзтва былі ў ім заўсёды, таму ён ня змог мутаваць і стаяць на каленях перад існай уладай. Гэта было ў ягоным характары. Хацеў заўсёды служыць закону, а не асобам. Пры ім такога стаўленьня да людзей бы не было.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хто, як і чаму? 21 год таму выкралі экс-міністра ўнутраных справаў Захаранку

Я памятаю адзін прыклад, калі нецьвярозы чалавек упаў на рэйкі, набліжалася электрычка, усе людзі адышлі ўбок і з жахам глядзелі на тое, што адбываецца. Бацька скокнуў на рэйкі і літаральна перад цягніком выцягнуў гэтага чалавека на плятформу. Вось такі склад характару — хто, калі ня ён.

«Некаторыя беларусы садзяцца за стол перамоваў. З кім? Ці спыталіся вы ў людзей, якія найбольш пацярпелі?»

— Ёсьць звальненьні зь міліцыі, Сьледчага камітэту, пракуратуры, але яны ня сталі масавымі. Як вы мяркуеце, чаму?

— Трэба індывідуальна падыходзіць. Адбываецца татальная чыстка іншадумцаў. Ёсьць службоўцы, якія на працягу ўсёй службы ніколі ня мелі сваёй пазыцыі, у іх быў зьнішчаны ўнутраны сьвет. Ёсьць тыя, на каго існуе кампрамат, ёсьць тыя, хто ня выжыве, ім трэба карміць сем’і. Ёсьць тыя, у каго яшчэ не адкрыліся вочы. Але вельмі многія яшчэ больш за 20 гадоў таму, адукаваныя юрысты, разумелі сытуацыю, абмяркоўваючы бяспраўную дзяржаву, але не выказвалі сваю пазыцыю адкрыта, чакалі зручнага моманту для рэалізацыі сваёй мэты. І кантрактная сыстэма, канечне. Вельмі шмат розных прычын, чаму людзі ня могуць адкрыта выказаць сваю думку. І гэта страх перад турмой, перад катаваньнямі ў турме. Тым ня менш прыстойныя людзі сярод супрацоўнікаў міліцыі ёсьць. Я магу гэта казаць. Я кантактавала 20 гадоў таму з калегамі. Ёсьць прынцыповыя людзі, але яны чакаюць, яны ня могуць адкрыта весьці барацьбу. Гэта мая асабістая думка, магчыма, я і памыляюся.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Не забывайце пра зьніклых». Валерыя Красоўская — Ціханоўскай, лідэрам апазыцыі і пратэстоўцам

— Ці верыце вы ў перамогу беларускай мірнай рэвалюцыі?

— Я спадзяюся, што рана ці позна будзе перамога. Я ўражаная, што некаторыя беларусы садзяцца за стол перамоваў. З кім? Ці спыталіся вы ў людзей, якія найбольш пацярпелі ад рэжыму, ці спыталіся вы ў мацярок, якія не змаглі пахаваць сваіх дзяцей? Ці спыталіся ў тых, хто столькі гадоў вымушаны жыць у чужой краіне? Спыталіся ў дэманстрантаў, у тых, хто страціў блізкіх? Вы ня маеце права здраджваць нам і ісьці на зьдзелку. Добры, сьветлы беларускі народ, трымайцеся. Беларусь заслужыла быць годнай і незалежнай.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як Гараўскі праходзіў праз «дэтэктар хлусьні» дачкі Захаранкі. Невядомыя дэталі 2-гадзіннай сустрэчы ў Цюрыху

— Ці ёсьць у вас адчуваньне, што ў справах зьніклых неўзабаве пачнецца рэальны рух і арганізатары ды выканаўцы паўстануць перад законам?

— Гэтага ніколі не адбудзецца, пакуль ва ўладзе Лукашэнка. Зьявяцца рэальныя сьведкі, пачнецца рэальны судовы працэс толькі пасьля зьмены ўлады.

— Што б вы сказалі людзям, якія цяпер выходзяць на вуліцы, ведаючы пра тое, што іх могуць затрымаць, зьбіць, пакалечыць?

— Гэта проста героі. Я спадзяюся, што празь некаторы час нешта зьменіцца ў Беларусі.