Хто павіншаваў Байдэна, а хто не — і чаму

Пасьля таго як 7 лістапада амэрыканскія СМІ паведамілі, што Джо Байдэн набраў неабходную для перамогі колькасьць галасоў электараў, кіраўнікі многіх дзяржаваў павіншавалі Байдэна зь перамогай.

Адразу павіншавалі яго кіраўнікі Нямеччыны, Францыі, Італіі, Аўстрыі, Гішпаніі, Канады, Вялікай Брытаніі і Ўкраіны.

Пазьней свае віншаваньні Байдэну накіравалі лідэры Ізраілю, Саудаўскай Арабіі, Індыі і суседзяў Беларусі — Польшчы, Латвіі і Літвы.

Некаторыя з гэтых кіраўнікоў маюць шчыльныя адносіны зь дзейным прэзыдэнтам ЗША Дональдам Трампам.

Сёньня сваё віншаваньне перадаў генэральны сакратар ААН Антонію Гутэрыш.​

Аднак лідэры шэрагу дзяржаваў дагэтуль устрымліваюцца ад віншаваньняў, сярод іх — кіраўнікі Мэксыкі, Бразыліі, Турэччыны, Ірану, Расеі, Кітаю і Беларусі.

Аляксандар Лукашэнка ў нядаўняй гутарцы зь дзяржсакратаром ЗША Майкам Пампэо, якая адбылася да выбараў у ЗША, выказваў пажаданьне перамогі Трампу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хаўрусьнікі ЗША вітаюць перамогу Джо Байдэна

Прэсавы сакратар прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна Дзьмітрый Пяскоў патлумачыў, што Пуцін не віншуе Джо Байдэна зь перамогай на выбарах прэзыдэнта ЗША, бо ў Крамлі лічаць карэктным «дачакацца афіцыйнага падвядзеньня вынікаў праведзеных выбараў».

У 2016 годзе Пуцін павіншаваў Трампа празь некалькі гадзін пасьля таго, як СМІ абвясьцілі пра яго перамогу. Паводле Пяскова, гэтым разам прэзыдэнт РФ не віншуе Байдэна, бо ў ЗША «павінны прайсьці пэўныя юрыдычныя працэдуры, якія былі анансаваныя дзейным прэзыдэнтам».

У 2016 годзе Гілары Клінтан адразу прызнала паразу і павіншавала пераможцу, гэтым разам Дональд Трамп сваю паразу не прызнае і мае намер абскарджваць абвешчаныя вынікі ў судах.

У некаторых дзяржавах Байдэна не павіншавалі кіраўнікі дзяржаваў, але павіншавалі лідэры апазыцыі, у прыватнасьці, свае віншаваньні яму накіравалі Сьвятлана Ціханоўская і Аляксей Навальны.