У Польшчы ствараецца база, здольная прыняць да 20 тысячаў салдат ЗША

Ілюстрацыйнае фота

9 лістапада прэзыдэнт Польшчы падпісаў польска-амэрыканскую дамову аб пашырэньні супрацоўніцтва ў сфэры абароны.

Кіраўнік Бюро нацыянальнай бясьпекі Польшчы Павэл Солях паведаміў, што згодна з ратыфікаванай дамовай у Познані на стацыянарнай аснове ўжо ў лістападзе гэтага году пачне базавацца V корпус арміі ЗША — камандная структура ў складзе войскаў ЗША ў Эўропе:

«Гэта частка падрыхтоўкі Польшчай разам з ЗША базы для прыняцьця ў выпадку неабходнасьці некалькіх дзясяткаў тысяч амэрыканскіх салдат».

У V корпусе арміі ЗША ў Познані будуць працаваць каля 200 амэрыканскіх салдат. Камандаваньне корпусу будзе мець шчыльны кантакт з польскай арміяй, каб стварыць патэнцыял для магчымага перакіданьня буйных узброеных сілаў у Польшчу і іншыя краіны ўсходняга флянгу NATO.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Гандаль органамі палонных і забойствы апанэнтаў. Чаму прэзыдэнта Косава абвінавачваюць у ваенных злачынствах

У рамках пагадненьня Польшча, у сваю чаргу, абавязалася стварыць інфраструктуру, здольную прыняць ня менш за 20 тысяч жаўнераў, у тым ліку базы для бесьпілётных лятальных апаратаў, склады абсталяваньня і навучальныя базы. Усё, што пабудуе Польшча, будзе яе ўласнасьцю, нават калі амэрыканскія салдаты пакінуць краіну.