У нядзелю ўлады, відавочна, вырашылі даць пратэставаму руху рашучы адпор. Чаму ўлады ня сталі чакаць, калі пратэст сам сабой паступова пойдзе на спад з натуральных прычынаў, а вырашылі паскорыць працэс?
8 лістапада ўлады мабілізавалі ўсе сілы, уключаючы, паводле некаторых ацэнак, і вайскоўцаў. Прывезьлі ў Менск міліцыю з рэгіёнаў. Ачапілі ўсю сталіцу, перавёўшы яе фактычна на асаднае становішча. Хапалі і білі даволі жорстка, як у найгоршыя часы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сілавікі жорстка разагналі «Марш народаўладзьдзя» ў Менску. Больш за 1000 затрыманыхТакога хапуну Менск даўно ня бачыў. Да позьняй ночы мікрааўтобусы з амапаўцамі палявалі на ўдзельнікаў акцыі. Затрымалі звыш 1 тысячы чалавек. Нельга выключаць, што ўсіх іх паспрабуюць пакараць паводле Крымінальнага кодэксу.
У пэўнай ступені тактыка сілавікоў дала плён. Пратэстоўцаў удалося падзяліць, разьбіць на часткі, ня даць ім сабрацца разам. І ўжо разганяць іх асобнымі групамі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як сілавікі разганялі нядзельны марш у Менску. ФОТАЧаму ўлады ня сталі чакаць, калі пратэст сам сабой паступова пойдзе на спад з натуральных прычынаў, а вырашылі паскорыць працэс? На тое некалькі прычынаў.
- Найперш, нецярплівасьць. Глядзець, як кожную нядзелю сталіца ператвараецца ў сьвята непадпарадкаванага народу — гэта для некаторых пэрсанажаў невыносна.
- Па-другое, улады адчулі псыхалягічную стомленасьць людзей, якія выходзяць на пратэсты, і вырашылі выкарыстаць зручны момант.
- Па-трэцяе, пратэст у рэгіёнах амаль сьціх, мінімізаваўся. Таму мясцовую міліцыю можна спакойна перакінуць у Менск.
- Па-чацьвёртае, трохмесячнае супрацьстаяньне — гэта барацьба на змор, на зьнясіленьне праціўніка. Хто першы ня вытрымае напругі. Можна думаць, што сілы супрацоўнікаў МУС на зыходзе. Таму трэба пасьпяшацца, каб адным махам, адным ударам пакончыць з пратэстамі і нарэшце спакойна выдыхнуць.
- Па-пятае, можна меркаваць, што Расея цісьне. Былі розныя гіпотэзы расейскіх экспэртаў, што маўляў, Пуцін даў Лукашэнка абмежаваны час, каб навесьці парадак. А апошні ня ўкладваецца ў графік. Таму цяпер Лукашэнка і падганяе падзеі.
Іншая справа, ці правільны разьлік уладаў. Ці не прынялі яны часовы спад пратэсту за іх канец? У гэтым ёсьць вялікія сумневы.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Латушка пра затрыманьні ў нядзелю: «Гэта помста загнанага ў кут дыктатара»