«Краіне патрэбная перадышка». Амэрыканскія беларусы пра прэзыдэнцкія выбары ў ЗША

Людзі на вуліцы ў Нью-Ёрку чакалі вынікаў прыэзыдэнцкіх выбараў, 7 лістапада 2020

Мы папрасілі некалькіх прадстаўнікоў беларускай дыяспары ў ЗША падзяліцца са Свабодай меркаваньнямі пра вынікі прэзыдэнцкай гонкі ў ЗША і пра іх палітычную прыхільнасьць на гэтых выбарах. Усім ім мы задалі аднолькавыя пытаньні.

— СМІ заявілі, што Джо Байдэн сабраў патрэбную колькасьць галасоў электараў, каб стаць прэзыдэнтам ЗША. Вас асабіста задавальняе такі вынік прэзыдэнцкіх выбараў?

Ян Запруднік (Нью-Джэрзі): Мы з жонкай маліліся Богу, каб ён дапамог прыйсьці Байдэну да ўлады. Асабіста я перакананы, што Амэрыка зрабіла правільны ход, выбіраючы Байдэна, які лагаднейшы, разумнейшы і большы патрыёт Амэрыкі, як той Трамп. Але я ведаю, што іншыя беларусы ў ЗША галасавалі па-рознаму: адны за Байдэна, іншыя за Трампа.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Янка Запруднік выдаў новую кнігу ў 91 год

Юрась Зянковіч (Тэхас): Вынік выбараў у ЗША мяне асабіста не задавальняе, таму што я прыхільнік Дональда Трампа і яго пераабраньня на другую кадэнцыю. Разам з тым я заўважыў, што нягледзячы на вынік прэзыдэнцкіх выбараў дэмакраты фактычна прайгралі выбары ў Кангрэс ЗША. Хутчэй за ўсё рэспубліканцы захаваюць стабільную большасьць у Сэнаце, а ў Палаце прадстаўнікоў дэмакраты губляюць 7–9 месцаў, якія пераходзяць рэспубліканцам. Выглядае на тое, што прэзыдэнтура ў Джо Байдэна, нават калі суды пацьвердзяць, што ён сапраўды легітымна абраны прэзыдэнт ЗША, будзе вельмі-вельмі няпростай.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Адвакат Зянковіч пра Курапаты: «Мы павінны шукаць, як рэстаран будзе суіснаваць з мэмарыялам»

Вітаўт Кіпель (Нью-Джэрзі): Мяне гэты вынік вельмі задавальняе. Я заўсёды прыхіляўся да рэспубліканцаў, але калі Трамп прыйшоў і пачаў ставіць свае ўмовы NATO адносна таго, хто колькі мае плаціць, калі ён зьвёў ідэалягічныя крытэры Амэрыкі чыста да рынкавага ўзроўню, то я разышоўся зь ягонымі паглядамі і быў увесь час супраць ягонай палітыкі, якую ён праводзіў і ў Амэрыцы, і ў дачыненьні да іншых краінаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Зора і Вітаўт». Адкрыцьцё выставы пра тытанаў беларускай дыяспары наведалі два былыя міністры замежных справаў

Алеся Сёмуха (Вашынгтон, акруга Калюмбія): Сам вынік мяне задавальняе. Як вы заўважылі, мэдыя сёлета не сьпяшаліся абвясьціць пераможцу. І я лічу, што гэта добра. Да працэсу падліку галасоў трэба ставіцца вельмі паважліва і з дакладнасьцю — асабліва ў нашым кантэксьце ў ЗША, дзе кожны штат мае свае правілы галасаваньня. Але разрыў у колькасьці галасоў цяпер дастаткова значны, каб можна было абвясьціць папярэднія вынікі на карысьць Байдэна.

Я думаю, што краіне патрэбная перадышка — ад папулізму і пастаянных скандалаў, парушэньняў закону, некампэтэнтнасьці ды проста хамства Трампа. Байдэн — цэнтрыст і па натуры, і па дзеяньнях. Гэтую перадышку ўсім трэба скарыстаць вельмі разумна, і дэмакратам, і рэспубліканцам, каб новы Трамп не вярнуўся ў 2024 годзе.

Віталь Зайка (Нью-Ёрк): Я хацеў бы, каб гэта было цалкам законна і цалкам без фальсыфікацый і парушэньняў, у чым я ня ўпэўнены. Таму што ёсьць пэўныя засьцярогі наконт магчымасьці фальсыфікацыі, зьвязанай зь бюлетэнямі, якія былі дасланыя поштай. Але гэта я грунтую на паведамленьнях некаторых СМІ.

З другога боку, я не выключаю, што пэўная колькасьць палітычных актывістаў у выбарчых камісіях дзеля так званай справы справядлівасьці — каб пазбавіцца «аранжавага Гітлера», як яны часам называюць Трампа — магла падагнаць і сфальсыфікаваць выбары для нейкай вышэйшай мэты, як кажуць.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаго беларусам чакаць ад Джо Байдэна. Адказы дырэктаркі GLOBSEC Policy Institute

— Трамп пакуль не прызнаў сваёй выбарчай паразы. Як думаеце, у яго вялікія шанцы аспрэчыць вынікі падліку галасоў?

Ян Запруднік: У яго абсалютна ніякіх шанцаў зрабіць гэта. Падлік галасоў рабілі і дэмакраты, і рэспубліканцы, і Трамп ня мае ніякай рацыі дамагацца перападліку. Гэта скандальны падыход, як у яго было шмат разоў у падыходах і да міжнародных праблемаў, і да ўнутрыамэрыканскіх асабліва. Ён пабунтуецца і супакоіцца, і Амэрыка будзе ўспамінаць яго як вельмі неўраўнаважанага лідэра і прэзыдэнта.

Юрась Зянковіч: Наколькі верыць таму, што людзі пішуць у сеціве, дык я бачу, што сапраўды на выбарах мелі месца фальсыфікацыі. І гэта не ўпершыню ў амэрыканскай гісторыі. У той жа Пэнсыльваніі чатыры гады таму мясцовыя праваахоўныя органы злавілі і пасадзілі некалькіх функцыянэраў, якія фальсыфікавалі выбары на карысьць дэмакратаў.

Наколькі вырашальнымі былі сёлетнія фальсыфікацыі, будзе вырашаць суд, але ва ўсякім выпадку гэта дастаткова блізка і можа быць праўдай. На жаль, мы можам гаварыць, што ў Амэрыцы сапраўды адбываюцца выбарчыя фальсыфікацыі.

Вітаўт Кіпель: У кожных выбарах бываюць нейкія недагляды, калі галасы пададуць два разы ці нешта такое, і трэба пералічыць. Гэта нармальная зьява. Але зьмяніць агульны вынік гэтых выбараў у яго ніякіх шанцаў няма.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Нашае лідэрства грунтуецца не на прыкладзе нашай сілы, а на сіле нашага прыкладу». Байдэн зьвярнуўся да амэрыканцаў

Алеся Сёмуха: Я ня думаю, што ў Трампа ёсьць рэальныя юрыдычныя шанцы. Ён, вядома ж, будзе гаварыць і мабілізаваць сваіх прыхільнікаў, але занадта многа штатаў давядзецца аспрэчваць. На гэта трэба тры важныя рэчы: грошы, час і вялікая колькасьць юрыстаў. Я ўжо не гавару пра наяўнасьць доказаў парушэньняў. Гэтым разам выбарчыя органы ў штатах былі вельмі арганізаваныя і гатовыя да Трампавых выклікаў.

Вядома ж, нейкія парушэньні знойдуцца, як у любым масавым працэсе, але я ня думаю, што яны будуць дастатковыя, каб аспрэчыць нават адзін штат. Яшчэ адзін цікавы момант — Рэспубліканская партыя не выказвае зацікаўленасьці ў дапамозе Трампу аспрэчваць вынікі. Бо яны, у выніку галасаваньня, захавалі і нават прыдбалі палітычныя пазыцыі. І Трамп ім зараз асабліва не патрэбны. А Байдэн — прымальны.

Віталь Зайка: Шанцы, безумоўна, невялікія. Таму што кожны чалавек, які прайшоў праз амэрыканскую сыстэму адукацыі, вышэйшай адукацыі ў прыватнасьці, у апошнія 20–30 год, індактрынаваны, і цяперашняя ўстаноўка, як кажуць, стаіць на тое, каб скінуць Трампа.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці ўзмоцніць Байдэн санкцыі адносна Беларусі? Дыскутуюць Карбалевіч, Цапкала і Цыганкоў

— Чаму амэрыканцы, як выглядае, аддалі перавагу Байдэну? Чым ім не спадабаўся Трамп?

Ян Запруднік: У палітыцы Трампа шмат хто ўбачыў фальшывы падыход да міжнародных праблемаў і неўраўнаважанасьць. Асабіста ён быў здольны на ўсякія хлусьлівыя сьцьверджаньні. Учора адзін амэрыканец сказаў нам у краме: «Нарэшце можна будзе жыць нармальным жыцьцём».

Юрась Зянковіч: Амэрыка — вельмі падзеленае грамадзтва, і гэтая вясна і лета паказалі, наколькі ў Амэрыцы абвастрыліся ўзаемаадносіны паміж прыхільнікамі дэмакратаў і рэспубліканцаў. Гэта не віна Трампа, гэтыя супярэчнасьці нарасталі на працягу апошніх 15–20 гадоў. Практычна ўсе тыя гады, што я жыву ў ЗША, гэта адчувалася.

Рэспубліканскі электарат зьвяртае ўвагу ў першую чаргу на тое, што ідзе «агалцелая» прапаганда левалібэральных каштоўнасьцяў ня толькі праз СМІ, але, што горш, праз школы і ўнівэрсытэты. Выглядае на тое, што гэтая прапаганда мае посьпех, і значна частка людзей зьяўляецца прыхільнікамі левалібэральных каштоўнасьцяў.

Але пры гэтым зьвярніце ўвагу, што Трамп на гэтых выбарах атрымаў на некалькі мільёнаў больш галасоў, чым гэта было чатыры гады таму. Таму мы ня можам гаварыць, што электарат адвярнуўся ад Дональда Трампа. Па-мойму можна гаварыць пра тое, што дэмакраты аказаліся лепшымі ў мабілізацыі свайго электарату.

Вітаўт Кіпель: Я думаю, амэрыканцам не спадабалася тое, што Трампу захацелася зьмяніць рэформу мэдычнага забесьпячэньня Барака Абамы. Па-другое, Трамп гуляў з рэлігіяй, ён падтрымліваў эвангельскія групы, надта вылучаў іх, і гэта не падабалася. Ну і шмат каму з амэрыканцаў, больш чым палове, не падабалася, што Амэрыка раптам пакінула ролю ідэалягічнага лідэра сьвету, хоць поўнасьцю ім ніколі не была, і стала выключна матэрыялістычным лідэрам.

Гэта асноўнае, чаму рэспубліканцы паступова адыходзілі ад яго, уключна зь сям’ёй Бушаў. І, безумоўна, Трамп мабілізаваў жаночыя галасы супраць сябе, У яго язык хадзіў вельмі лёгка, і ён мог часам абразіць цэлую групу выбарнікаў. Так здарылася з жанчынамі. І сума такіх невялічкіх незадавальненьняў, невялічкіх шурпатасьцяў вылілася ў тое, што некалькі мільёнаў галасоў рэспубліканцаў былі аддадзеныя на яго суперніка.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хто такі Джо Байдэн? Расказваем, як 77-гадовы палітык з трэцяй спробы займае Белы дом

Алеся Сёмуха: Я думаю, што і чатыры гады таму, і цяпер амэрыканцы галасавалі сэрцам — галасавалі эмацыйна. Чатыры гады таму папулізм і імідж «свайго мужыка» Трампа вельмі імпанаваў многім, асабліва белай частцы насельніцтва. Яго бізнэс-імідж таксама быў прывабны, бо бізнэс асацыюецца з працоўнымі месцамі.

Але за чатыры гады кіраваньня многія, і асабліва жанчыны, больш не маглі трываць такі лідэрскі стыль, яго абыякавасьці да жыцьця і здароўя людзей, асабліва ў сытуацыі пандэміі. Я думаю, калі б не каранавірус, Трамп мог бы быць пераабраны, нават зь яго ваяўнічым стылем. Але 230 тысяч сьмерцяў ад вірусу — проста ня могуць быць не заўважаныя. І людзі бачаць яго некампэтэнтнасьць і абыякавасьць, якая адбіваецца на іх здароўі і іх жыцьці. Таму, як я чула, людзі казалі: гэта было галасаваньне на жыцьцё ці сьмерць.

Віталь Зайка: Трамп зьяўляецца вельмі неардынарнай, у пэўным сэнсе бізарнай, непалітычнай асобай. Людзям хацелася б, каб быў больш-менш стэрэатыпны палітык, спакойны, упэўнены ў сабе, з павольнымі рухамі, бяз жарцікаў, якія часам адпускаў Трамп. Гэта адно.

І другое — Трамп фактычна супрацьстаяў усяму істэблішмэнту, усім элітам амэрыканскага грамадзтва, пачынаючы ад адукацыі і канчаючы забаўляльнай індустрыяй. Які б тытан і атлянт ён ні быў, чалавечыя магчымасьці ўсё ж не бясконцыя. Тое, што ён пратрымаўся гэтыя чатыры гады, гэта таксама ў пэўным сэнсе надзвычайнае дасягненьне.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што Байдэн гаварыў пра Беларусь, Лукашэнку і Ціханоўскую

— Ці замежная палітыка ЗША, што тычыцца адносінаў зь Беларусьсю, можа памяняецца пры прэзыдэнцтве Байдэна ў параўнаньні з тым, якой яна была пры Трампу?

Ян Запруднік: Тут можна толькі выказаць спадзяваньне. Мы з жонкай галасавалі па пошце, і калі мы запаўнялі анкету, адказваючы на пытаньне — «Чаго вы спадзеяцеся па новым прэзыдэнце?» — то напісалі: «Спадзяемся, што ён, будучы дэмакратам, будзе дзейнічаць на карысьць дэмакратыі ў Беларусі».

Юрась Зянковіч: Беларусь як была, так і застаецца вельмі нізка ў сьпісе прыярытэтаў ЗША, і наўрад ці мы можам спадзявацца, што Амэрыка будзе нейкім чынам актыўна ўмешвацца ў Беларускія справы.

Вітаўт Кіпель: Я думаю, што Байдэн возьме выразны курс на ўсталяваньне больш нармальных, у тым ліку дыпляматычных, дачыненьняў зь Беларусьсю.

Алеся Сёмуха: Беларусь ня ёсьць значнай краінай ні для рэспубліканцаў, ні для дэмакратаў. Таму, я думаю, рашэньні будуць прымацца больш сытуацыйна, у залежнасьці ад палітыкі Байдэна ў дачыненьні да Расеі і Эўропы.

Скажам, 10–20 гадоў таму Байдэн ня быў асабліва карысны для Беларусі ў гэтым сэнсе. Але расейскае ўмяшаньне ў палітычныя справы ЗША на карысьць Трампа зьмяніла пазыцыю дэмакратаў і Байдэна. Цяжка сказаць, як далёка ён пойдзе, але думаю, што далей, чым Трамп, які праводзіў прарасейскую палітыку. Таму я тут больш аптымістычная. Я думаю, што падтрымкі Байдэна для Беларусі будзе болей, і будзе болей ціску на Расею. Многія рэспубліканцы, як думаю, падтрымаюць Байдэна ў гэтай справе.

Віталь Зайка: Я лічу, што будзе больш нейкіх знакаў увагі да беларускага пытаньня, да беларускай сытуацыі. Беларусь будзе больш фігураваць у нейкіх заявах, выказваньнях засьцярог ці папярэджаньнях Лукашэнку. Але ў кардынальны спосаб амэрыканская палітыка ў адносінах да Беларусі не памяняецца.