Кіраўнік Беларускага экзархату РПЦ мітрапаліт Менскі і Заслаўскі Веньямін выступіў з ацэнкай бягучай сытуацыі.
Ягоную казань, агучаную 6 лістапада ў адным з менскіх храмаў, апублікавалі на афіцыйным сайце БПЦ.
Мітрапаліт заявіў, што праваслаўная царква асуджае ўсялякае беззаконьне, гвалт, несправядлівасьць і няпраўду.
«Калі закрануць тую сытуацыю, у якой зараз знаходзіцца наша краіна, то можна сказаць пра тое, што сапраўды паводле слова сыноду Беларускай праваслаўнай царквы, якое было абвешчана, мы асуджаем усякі грэх і ўсялякае беззаконьне, асуджаем гвалт, несправядлівасьць, асуджаем усякую няпраўду», — падкрэсьліў мітрапаліт.
Ён спытаў, «ці справядліва ўскладаць віну» за тое, што адбываецца цяпер у Беларусі, «толькі на адзін бок, бо сытуацыя фармуецца з многіх складнікаў».
«Мы павінны пераадольваць усякае зло, сьведчыць супраць зла, але зло мы перамагаем дабром», — заявіў мітрапаліт Веньямін і заклікаў паважаць людзей з інакшым пунктам гледжаньня.
Мітрапаліт лічыць: той, «хто перавысіў свае паўнамоцтвы», «няхай перш за ўсё ў душы сваёй пакаецца, памоліцца, а калі Богу будзе заўгодна, дык панясе і пакараньне на лініі дзяржаўнай».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўнік БПЦ загадаў спыніць збор подпісаў супраць горадзенскага архіяпіскапа, які асудзіў гвалт уладаў