У Даніі, найбуйнейшым у сьвеце вытворцы норкавага футра, выявілі 214 выпадкаў перадачы каранавірусу ад норак чалавеку.
Раней дацкія навукоўцы паведамлялі, што ад гэтых жывёлаў чалавеку перадаецца вірус, які зазнаў мутацыю: ён менш адчувальны да антыцелаў, якія змагаюцца з інфэкцыяй. На думку дацкіх лекараў, такая мутацыя можа зьнізіць эфэктыўнасьць любой будучай вакцыны ад каранавірусу. Улады Даніі маюць намер увесьці карантын у некаторых раёнах краіны і забіць 17 мільёнаў норак у якасьці меры засьцярогі.
Ірына Якуценка, малекулярны біёляг, аўтар кнігі «Вірус, які зламаў плянэту», расказала вядучаму «Настоящего времени» Цімуру Алеўскаму, наколькі небясьпечным для чалавека можа быць вірус, які зазнаў мутацыю.
— Што адбылося зь вірусам?
— Мы ня можам сказаць, таму што ў нас ёсьць толькі заява дацкага прэм’ер-міністра, нейкіх дацкіх санітарных лекараў, але няма публікацыяў. Мы ня бачым, як ён зьмяніўся, у нас няма артыкулаў для таго, каб навукоўцы, вірусолягі, біяінфарматыкі маглі прааналізаваць, ці адбываюцца там зьмены.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Данія вырашыла забіць 17 мільёнаў норак у барацьбе з новым штамам каранавірусу— А што магло б быць, калі выказаць здагадку, што былі зьмены? Пры чым тут наогул жывёлы?
— Мы мяркуем, што зьмены былі, на жаль, таму што ў нас ёсьць сьведчаньні зь Нідэрляндаў, дзе некалькі месяцаў таму адбылося прыкладна тое ж самае — там ужо ўсыпілі 600 тысяч норак. Там таксама было даволі шмат фэрмаў норак, і там тое ж самае адбывалася: пачаліся ўспышкі на розных фэрмах. Практычна ўсе працаўнікі гэтых фэрмаў захварэлі. У адным артыкуле, які быў апублікаваны ў Нідэрляндах — там спэцыялісты САЗ бралі ўдзел у гэтай працы, — прасачылі, як зьяўляўся вірус у норак, як ён зьяўляўся ў людзей, у якой пасьлядоўнасьці, і глядзелі на мутацыі.
— Чым пагражаюць мутацыі?
— Тут два цікавыя моманты. Першы — ці заразіліся людзі ад норак, ці не. А другі — пра мутацыі. Пачнём з другога. Чаму мутацыі небясьпечныя? Мы атрымалі гэты вірус ад кажаноў. Дасьледаваньні паказваюць, што ён у папуляцыі мышэй або нейкіх іншых жывёлаў ужо некалькі дзясяткаў гадоў курсуе. Чаму гэта небясьпечна для людзей? Таму што да нейкіх звыклых вірусаў у людзей выпрацоўваюцца ахоўныя мэханізмы. Самы просты — гэта антыцелавы ахоўны мэханізм. І наступным разам, калі мы сустракаемся з тым жа вірусам, нашы антыцелы ўжо пазнаюць яго і імгненна запускаюць усю сыстэму імуннай абароны, і вірус нас больш не заражае.
Вірус трапляе ад нас у жывёлаў, напрыклад, у норак, а ён трапляе — гэта вядомы факт. Яны добра заражаюцца, таму што іх рэцэптары ACE2, да якіх чапляецца вірус, падобныя да нашых. Падобныя, але ўсё ж такі не зусім такія. Плюс біяхімія норак трошкі іншая. Таму вірус можа трапіць у арганізм норкі, але яму там некамфортна, і ён пачынае неадкладна прыстасоўвацца да новага гаспадара, каб максымальна эфэктыўна заражаць клеткі гэтага новага гаспадара. Такім чынам, ён пачынае мутаваць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вядучы амэрыканскі экспэрт: Ня трэба разьлічваць на вакцынуКалі гэты працэс зойдзе вельмі далёка, ён прыстасуецца настолькі добра да норкі, што ня зможа заражаць людзей, — гэта дрэнна для норак, але добра для людзей, таму што тады ён для нас бясьпечны. А вось калі ён спыніцца недзе на прамежкавай фазе, ці хто-небудзь з работнікаў фэрмаў зловіць гэты вірус на прамежкавай стадыі — гэта небясьпечна, таму што гэты вірус ужо не падобны да таго зыходнага вірусу, які калісьці пераскочыў ад чалавека да норкі, але ён усё яшчэ можа заражаць людзей. І тады ён трапляе ў арганізм чалавека, і можа здарыцца так — гэта не абавязкова, але магчыма, — што імунная сыстэма чалавека ўспрыме яго ўжо як новы вірус. І тая абарона, якая была напрацаваная супраць першапачатковага варыянту, акажацца неэфэктыўная супраць гэтага зьмененага вірусу.
— Гэта значыць, вакцыны і ўсё астатняе пачнецца спачатку?
— У найлепшым выпадку — так. Пачынаем усё спачатку, зноў распрацоўваем вакцыну. Але ёсьць варыянт яшчэ розных непрыемных гісторый, калі гэтыя антыцелы супраць зыходнага віруса могуць пагаршаць інфэкцыю новага вірусу. Але гэта толькі пакуль гіпотэза — так званы ADE, эфэкт антыцелазалежнага ўзмацненьня. Пакуль гэта гіпотэзы. Трэба пачакаць артыкулаў і паглядзець, што за мутацыі.