«Гэта ж ганьба, зьдзек з гэтай дэмакратыі»,— Лукашэнка выказаўся пра выбары ў ЗША

Аляксандар Лукашэнка падчас сустрэчы з палітвязьнямі ў СІЗА КДБ, 10 кастрычніка 2020 году.

Аляксандар Лукашэнка сказаў, што беларуска-амэрыканскія адносіны ня зьменяцца пры любым выніку выбараў у ЗША.

Заява прагучала падчас наведваньня Беларускай АЭС, паведамляе БЕЛТА.

Лукашэнка ахарактарызаваў прэзыдэнцкія выбары ў ЗША:

«Вы паглядзіце, што робіцца з гэтымі выбарамі. Гэта ж ганьба, зьдзек з гэтай дэмакратыі».

Лукашэнка сказаў, што паглядзіць, як шэраг заходніх краін у гэтай сытуацыі запатрабуюць ад ЗША правядзеньня новых выбараў, як яны гэта зрабілі ў адносінах да Беларусі. «Я магу зараз сказаць: ніяк, пабаяцца».

Пры гэтым ён выказаў меркаваньне, што беларуска-амэрыканскія адносіны ня зьменяцца пры любым зыходзе выбараў у ЗША.

«Я не чакаю, што сытуацыя зьменіцца ў нашых адносінах. Ніводзін – ні папярэдні, калі ён сыдзе, ні новы, калі ён прыйдзе, на мапе не пакажа нашую краіну. Амэрыканцы , вы ж ведаеце, пагружаныя ў свае праблемы. Калі зьнешняя палітыка, то гэта абавязкова крэйсэры, авіяносцы, бомбы, снарады, ракеты. Гэта іх зьнешняя палітыка перш за ўсё», - заявіў Лукашэнка.

«Вы ведаеце, што прэзыдэнт там не тое, што ў нас - «аўтарытарызм і дыктатура». Ён там можа наогул нічога не вырашаць. Яго кангрэс можа павязаць па руках і нагах, як гэта было з Трампам. тузацца-тузаўся, нешта хацеў зрабіць, тэрмін першы прайшоў, так нічога і не зрабіў. У гэтым яго і галоўная бяда», - мяркуе Лукашэнка.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Тры ўрокі выбараў у ЗША для Беларусі

6 лістапада Лукашэнка закрануў тэму патрабаваньня новых выбараў у Беларусі:

«Ну, і на злобу дня. Некаторыя ад нас патрабуюць новыя выбары. Гарантую вам новыя выбары. Тады, калі вы прымеце рашэньне. Гарантую».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: МЗС Эстоніі і Нарвэгіі заклікалі беларускія ўлады правесьці новыя выбары

Пры гэтым Лукашэнка спаслаўся на заявы прадстаўнікоў заходніх дзяржаў па сытуацыі ў Беларусі:

«Немцы ўчора заклапаціліся, аж у парлямэнце сваім прынялі рашэньне для нас, беларусаў. Вы спачатку там у сябе разьбярыцеся. У Польшчы разьбярыцеся — яна бліжэй. І самае галоўнае: ці запатрабуюць яны ад амэрыканцаў правесьці новыя паўторныя выбары. Вось я пагляджу, як немцы запатрабуюць ад амэрыканцаў правесьці новыя выбары».

Новых свабодных і справядлівых выбараў ад уладаў Беларусі патрабуюць экс-кандыдатка Сьвятлана Ціханоўская, якая не прызнала паразу на выбарах 9 жніўня, Каардынацыйная рада, якая заклікае да перамоваў аб новых выбарах, апазыцыйныя партыі і рухі.

З патрабаваньнем новых выбараў трэці месяц у Беларусі адбываюцца масавыя акцыі пратэсту і страйкі.