МЗС Эстоніі і Нарвэгіі заклікалі беларускія ўлады правесьці новыя выбары

Эстонія да таго ж плянуе падняць беларускае пытаньне ў Радзе Бясьпекі ААН.

Міністарка замежных спраў Нарвэгіі Інэ Эрыксэн Сёрэйдэ заклікала беларускія ўлады выканаць рэкамэндацыі дакладу АБСЭ, піша БелаПАН.

«Мы асуджаем парушэньні правоў чалавека, задакумэнтаваныя ў дакладзе Маскоўскага мэханізму, і заклікаем улады Беларусі выконваць рэкамэндацыі гэтага дакладу. Яны павінны аб’явіць новыя выбары, спыніць гвалт, катаваньні і арышты мірных дэманстрантаў, забясьпечыць свабоду прэсы і пакараць вінаватых у злоўжываньнях», — заявіла Сёрэйдэ.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: АБСЭ заклікала Менск правесьці новыя выбары прэзыдэнта

Эстонія плянуе вынесьці беларускае пытаньне на абмеркаваньне ў Радзе Бясьпекі ААН. Пра гэта міністар замежных спраў Эстоніі Урмас Рэйнсалу паведаміў «Голасу Амэрыкі».

Ён таксама адцеміў, што арганізацыя новых выбараў — адзінае выйсьце з крызісу ў Беларусі.

«Першы крок, які павінны зрабіць улады Беларусі — гэта спыніць гвалт.

Па-другое, вызваліць усіх палітычных зьняволеных і прыцягнуць да адказнасьці тых, хто прымяняў гвалт.

Таксама вельмі важна пачаць палітычны дыялёг.

Адзіным выхадам з крызісу ёсьць правядзеньне свабодных і справядлівых выбараў», — сказаў Урмас Рэйнсалу.

Ён таксама не выключае, што краінам Захаду давядзецца ўвесьці дадатковыя эканамічныя санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская лічыць, што даклад АБСЭ дапаможа вырашэньню палітычнага крызісу ў Беларусі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЗША заклікалі беларускія ўлады спыніць ціск на апазыцыю і правесьці новыя выбары