Ціханоўская лічыць, што даклад АБСЭ дапаможа вырашэньню палітычнага крызісу ў Беларусі

Сьвятлана Ціханоўская і канцлер Аўстрыі Сэбастыян Курц.

Даклад па Беларусі, падрыхтаваны ў межах Маскоўскага мэханізму АБСЭ, дапаможа вырашыць палітычны крызіс у краіне і пачаць расьсьледаваньні па фактах гвалту над мірнымі людзьмі з боку сілавых структур. Такое меркаваньне выказала Сьвятлана Ціханоўская на сустрэчы з прадстаўнікамі АБСЭ ў Вене, паведаміла прэс-служба экс-кандыдаткі ў прэзыдэнты.

У рамках двухдзённага візыту ў Аўстрыю Ціханоўская таксама сустрэлася з канцлерам Себасьцьянам Курцам, узяла ўдзел у круглым стале, ініцыяваным няўрадавым аналітычным цэнтрам ICEUR і прысьвечаным арганізацыі перамоваў у Беларусі і дапамозе пратэстоўцам.

Ціханоўская адзначыла, што гэты візыт і цёплы прыём вельмі важныя, бо Аляксандр Лукашэнка заўсёды лічыў Аўстрыю сваім партнёрам і хаўрусьнікам. Але афіцыйная Вена паказала, што прынцыпова прытрымліваецца каштоўнасьцяў дэмакратыі і захаваньня правоў чалавека, заўважыла Ціханоўская.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Поўная падтрымка Аўстрыі». Канцлер Курц вітае «нястомныя намаганьні» Ціханоўскай