Гомельскую настаўніцу, якая адбывае арышт, засудзілі яшчэ на 15 сутак, бо заклікала правесьці суботнік на могілках

Гомель, 18 кастрычніка 2020 году.

Выкладчыцу гомельскага ліцэю № 1 Ірыну Захарчанку, якая адбывае 15-дзённы арышт за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі, пакаралі новым арыштам на 15 сутак.

Настаўніцу геаграфіі Ірыну Захарчанку гомельская міліцыя затрымала 23 кастрычніка. Яна выйшла з дому на працу — і зьнікла. Пазьней сваякі даведаліся, што Ірына ў ізалятары часовага ўтрыманьня. Яе пакаралі 15 суткамі арышту нібыта за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі.

Цяпер стала вядома, што на волю па сканчэньні тэрміну арышту настаўніца ня выйдзе. З ІЧУ яе зноў вазілі на суд, які дадаў яшчэ 15 сутак — за нібыта заклікі да ўдзелу ў несанкцыянаваным мерапрыемстве.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У гомельскім ізалятары чатыры дні трымалі жанчыну, якая мае малога сына. Затым яе аштрафавалі

Сваёй віны Ірына Захарчанка не прызнала. Як вядома Свабодзе, у адным з раённых тэлеграм-чатаў яна напісала прапанову правесьці суботнік на могілках, дзе ніхто асабліва не прыбірае. За гэта яе і засудзілі.

Ірына Захарчанка — спэцыяліст вышэйшай катэгорыі, яе навучэнцы неаднаразова перамагалі на алімпіядах.