Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У гомельскім ізалятары чатыры дні трымалі жанчыну, якая мае малога сына. Затым яе аштрафавалі


Марш пратэсту ў Гомлі, 27 верасьня. Ілюстратыўнае фота.
Марш пратэсту ў Гомлі, 27 верасьня. Ілюстратыўнае фота.

Пасьля чатырох дзён у ізалятары часовага ўтрыманьня жыхарцы Гомля Тацяне Бачурнай прысудзілі буйны штраф.

Беларускае заканадаўства не дазваляе караць жанчын зь непаўналетнімі дзецьмі адміністрацыйным арыштам.

Але тут улады парушылі і яшчэ адну норму — такіх жанчын нельга затрымліваць больш як на 72 гадзіны.

«Гэта сваволя нашай міліцыі. Апошнім часам сілавікі злоўжываюць правам на адміністратыўнае затрыманьне, возячы ў ізалятар нават маці, якія маюць малых дзяцей. Ёсьць рашэньне Камітэту па правах чалавека ААН па Беларусі, дзе нашым уладам указваюць на тое, што 48 гадзін дастаткова, каб падрыхтаваць чалавека да суду», — лічыць праваабаронца Леанід Судаленка.

Тацяна Бачурная выхоўвае 7-гадовага сына. Яе мужу ў пятніцу прысудзілі 15 сутак. Столькі ж атрымала сёньня яе цёця — настаўніца Ірына Захарчанка.

Міліцыя склала на Тацяну два пратаколы — за несанкцыянаваныя акцыі 27 верасьня і 21 кастрычніка. Жанчына адмаўляе, што ўдзельнічала ў мітынгу 27 верасьня. Яна таксама ня лічыць, што фатаграфаваньне з нацыянальным сьцягам 21 кастрычніка — гэта пікет.

«27 верасьня я з мужам была ў цэнтры гораду. Мы сустрэліся зь цёцяй, хадзілі па цэнтры гораду, у мітынгу ня ўдзельнічалі», — патлумачыла Тацяна.

Судзьдзю Аляксандра Зінчука цікавіла, чаму Тацяна ішла зь цёцяй па вуліцах Кірава і Ірынінскай, а не, напрыклад, па праспэкце Перамогі. Судзьдзя сказаў, што такі маршрут «бессэнсоўны».

Супраць Тацяны сьведчылі міліцыянты, у тым ліку ўчастковы. Суд пакараў яе штрафам у 810 рублёў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG