Больш за 550 дзеячоў беларускай культуры падпісалі адкрыты ліст, у якім выказалі абурэньне звальненьнем зь Вялікага тэатру Беларусі пяці зорак тэатру і запатрабавалі «аднавіць іх у працоўных правах». Збор подпісаў працягваецца.
«Нацыянальная культура ствараецца мноствам, але гэтае мноства заўсёды складаецца з Адзінак, з асобаў унікальных. Кожны аркестар, кожная акторская трупа ня проста складаецца з прафэсіяналаў, але гадамі зрастаецца ў адзіны непаўторны творчы арганізм, які можа паўнавартасна функцыянаваць — жыць у мастацтве! — менавіта ў гэтым складзе. Любое гвалтоўнае зьмяненьне непазьбежна цягне за сабой страты, якія могуць стаць катастрафічнымі, гэтаму вучыць гісторыя нашай, беларускай, культуры», — гаворыцца ў лісьце.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Супрацоўнікі Вялікага тэатру асудзілі звальненьні калегЯго аўтары падкрэсьліваюць, што звальненьне вядучых музыкаў Беларусі — гэта «ўдар па нашай культуры, наступствы якога будуць адгукацца гадамі», а прычына іх звальненьня — «ганьба для ўсяго беларускага грамадзтва», бо іх звольнілі за выказваньне сваёй грамадзянскай пазыцыі, да таго ж з цынічнай фармулёўкай «за зьдзяйсьненьне амаральнага ўчынку».
Падпісанты ліста патрабуюць забясьпечыць канстытуцыйнае права на свабоду выказваньня думак і аднавіць у працоўных правах звольненых калегаў.
У канцы кастрычніка стала вядома, што галоўны канцэртмайстар Рэгіна Саркісава, саліст опэры Ільля Сільчукоў, дырыжор Андрэй Галанаў, скрыпачка Ала Джыган і альтыстка Аляксандра Пацёміна звольненыя з Нацыянальнага тэатру опэры і балету за сваю грамадзянскую пазыцыю.
4 лістапада супраць іх звальненьня выступілі 188 супрацоўнікаў Опэрнага.