Новазаводзкі раённы суд Чарнігава завяршыў разгляд справы грамадзяніна Беларусі, якога затрымалі на мяжы сёлета ў лютым з кантрабандным тытунёвым грузам — беларус мусіць сплаціць штраф, кампэнсаваць выдаткі за захаваньне грузу і судовы збор. Агулам амаль на 30 тысяч даляраў.
Як адзначаецца ў матэрыялах справы, беларускі кіроўца перавозіў ва Ўкраіну падгузкі і сурвэткі — гэта быў легальны груз, накіраваны ў Кіеў адным зь менскіх прыватных прадпрыемстваў. У грузавіку, цяпер канфіскаваным на карысьць украінскай дзяржавы, беларус стварыў адмысловую схованку. Такім чынам кіроўца спрабаваў незаконна ўвезьці больш як 24 тысячы пачкаў цыгарэт, якія знайшлі ўкраінскія мытнікі толькі пасьля таго, як цалкам зьнялі з грузавіка тэнт.
Пры складаньні акту аб парушэньні мытных правілаў беларус шчыра прызнаўся, што наўмысна зрабіў «тытунёвую» схованку, каб перавозіць і прадаваць ва Ўкраіне цыгарэты бяз мытнага афармленьня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ніткі беларускага «бізнэсу» ў Літве: літоўскія курцы прыносяць рэжыму Лукашэнкі дзясяткі мільёнаў эўра
Кантрабанда цыгарэт зь Беларусі на 1 мільён даляраў
У Дзяржаўнай памежнай службе Ўкраіны паведамілі Свабодзе, што з пачатку году толькі на пунктах пропуску ў Чарнігаўскай вобласьці выявілі 10 выпадкаў незаконнага перамяшчэньня зь Беларусі тытунёвых вырабаў амаль на 30 мільёнаў грыўняў — гэта больш як 1 мільён даляраў у эквіваленце.
6 лістапада ў пункце пропуску «Новыя Ярылавічы» (зь беларускага боку пункт «Новая Гута») выявілі яшчэ адну вялікую партыю тытуню, які перавозіўся ў грузавіку з будаўнічымі матэрыяламі. Для поўнай памежна-мытнай праверкі транспартны сродак будзе цалкам разгружаны, каб ацаніць маштабы новай партыі кантрабанды.
Беларускі тытунь нелегальна ідзе ва акупаваны Данбас і ў Эўропу
5 лістапада ў Канстанцінаўцы Данецкай вобласьці памежнікі супольна зь Дзяржаўнай фіскальнай службай і Службай бясьпекі Ўкраіны ў Данецкай і Луганскай абласьцях выявілі месцы назапашваньня і збыту нелегальна ўвезенага тытуню беларускай і расейскай вытворчасьці. У выніку канфіскавалі 17 скрынак цыгарэт на агульную суму 340 тысяч грыўняў (амаль 12 тысяч даляраў у эквіваленце).
Тыдзень таму ўкраінскія памежнікі спынілі спробу незаконнага перамяшчэньня ў Румынію 2 тысяч пачак цыгарэт зь беларускімі акцызамі.
У канцы кастрычніка ў Валынскай вобласьці правялі ператрусы ў мясцовых жыхароў, якія займаліся незаконным перамяшчэньнем тытунёвых вырабаў у Польшчу праз чыгуначны пункт пропуску і з выкарыстаньнем бесьпілотнікаў. У прыватных кватэрах і гаражах праваахоўнікі выявілі больш за тысячу пачак цыгарэт розных марак беларускай вытворчасьці, а таксама радыёстанцыі, трэкеры і GPS-навігатары, якія выкарыстоўвалі кантрабандысты.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Адну з найвялікшых партый кантрабандных цыгарэтаў зь Беларусі затрымалі на польскай мяжыКантрабандны транзыт тытуню праз Украіну
Паводле інфармацыі Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны, з пачатку 2020 году кантрабандысты спрабавалі пераправіць празь мяжу амаль 12 мільёнаў пачак цыгарэт. Большую іх частку — 7,4 мільёна пачак — выявілі ў марскіх пунктах пропуску. І часьцей за ўсё гаворка ідзе пра цыгарэты беларускай вытворчасьці.
Толькі ў пачатку кастрычніка ў Адэскім марскім гандлёвым порце міжведамасная група на падставе рашэньня суду выявіла ў 4 кантэйнэрах больш як 4,5 тысячы скрынак цыгарэт беларускай вытворчасьці — гэта 2,28 мільёна пачак на суму звыш 80 мільёнаў грыўняў (прыблізна 2,8 мільёна даляраў у эквіваленце). Іх спрабавалі перамясьціць у краіны Эўразьвязу з парушэньнем дзейнага міжнароднага права.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кантрабандныя беларускія цыгарэты знайшлі ў продажы ў 70 рэгіёнах Расеі
Шукаюць памагатых сярод памежнікаў
Перавезьці тытунь бяз мытнага афармленьня — справа складаная, таму часьцей кантрабандысты спрабуюць «вэрбаваць» памагатых сярод украінскіх памежнікаў. У кастрычніку стала вядома як мінімум пра два выпадкі аб затрыманьні Службай бясьпекі Ўкраіны памежных інспэктараў, якія за хабар спрыялі або павінны былі спрыяць перапраўцы беларускага тытуню зь Беларусі ва Ўкраіну.
Адзін з такіх выпадкаў адбыўся на пачатку кастрычніка ў Валынскай вобласьці, калі памежнік атрымаў 800 даляраў хабару за перадачу кантрабандыстам інфармацыі пра час, месца і маршруты перамяшчэньня памежных нарадаў.
Тры гады таму спэцслужбы Ўкраіны заяўлялі, што раскрылі старанна распрацаваную схему незаконных паставак тытуню зь Беларусі праз Украіну ў Эўропу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва Ўкраіне раскрылі схему кантрабанды тытуню зь Беларусі ў Эўропу