«Выскачыць наверх», завярнуць у Дразды — ідэі для мэтро ад Лукашэнкі

Аляксандар Лукашэнка і Натальля Качанава, адкрыцьцё трэцяй лініі менскага мэтро, 6 лістапада.

6 лістапада Аляксандар Лукашэнка ўзяў удзел ва ўрачыстай цырымоніі адкрыцьця чатырох станцый 3-й лініі мэтро.

Яму ўручылі прэзыдэнцкі праязны на 20 паездак і правезьлі ад «Кавальскай Слабады» да «Юбілейнай плошчы».

Перад паездкай Лукашэнка выказаў некалькі ідэй наконт разьвіцьця мэтро і электрычнага транспарту.

  • «У Менску ад рухавікоў унутранага згараньня трэба адыходзіць. Менск трэба спакойна, паступова пераводзіць на электратранспарт, бо труцім людзей».
  • «Трэба прывесьці ў парадак трамвайныя каляіны, каб яны былі бясшумнымі. Добрыя ж трамваі вырабляем, і гэта добры транспарт».
  • Пачуўшы, што праз тры-чатыры гады пачнуць будаваць мэтро ў бок Зялёнага Лугу, Лукашэнка прапанаваў зрабіць невялікае адгалінаваньне ў раён, дзе плянуюць збудаваць «разумны горад». (Гэта непадалёк ад Драздоў, цяпер там палі).
  • Цяпер трэба асвойваць наземнае мэтро. «Нам трэба выскачыць, дапусьцім, за Ўручча, выйсьці наверх і сыходзіць у Смалявічы».
  • Лукашэнку расказалі, што пасьля 3-й лініі збудуюць 4-ю, кальцавую. «Калі гэта будзе, мне здаецца, нас ужо ня будзе», — цытуе Лукашэнку sb.by.

Для пасажыраў станцыі 3-й лініі адкрыюць 7 лістапада ў 12:30, паведаміў «Пул Первого».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Раней палявалі на раварыстаў, цяпер на музыкаў», — як затрымліваюць музыкаў
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Таксіст, які ў дзень інаўгурацыі ўратаваў хлопца на Пушкінскай, расказаў, як усё было