Прэзыдэнта Косава Хашыма Тачы затрымалі ў Гаазе і абвінавацілі ў ваенных злачынствах і злачынствах супраць чалавечнасьці. Пра гэта паведамляе Спэцыялізаваная пракуратура Косава.
У сьледчы ізалятар таксама зьмясьцілі былых сьпікераў косаўскага парлямэнту Кадры Вэсэлі і Якупа Красьнічы, а таксама аднаго з палявых камандзіраў Вызвольнай арміі Косава Рэджэпа Сэлімі.
Адзначаецца, што Тачы і яго паплечнікаў абвінавачваюць у незаконных альбо адвольных арыштах і затрыманьнях, жорсткім абыходжаньні, катаваньнях і забойствах, гвалтоўных зьнікненьнях і перасьледзе ў пэрыяд ад сакавіка 1998-га да верасьня 1999 году ў Косаве і на поўначы Альбаніі.
5 лістапада прэзыдэнт Косава Хашым Тачы падаў у адстаўку на фоне абвінавачаньняў у ваенных злачынствах.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэзыдэнт Косава сышоў у адстаўку пасьля абвінавачаньняў у ваенных злачынствахСпэцыялізаваная пракуратура Косава і Офіс спэцыяльнага пракурора былі створаныя ў адпаведнасьці з заканадаўствам Косава за межамі краіны, каб дапамагчы расьсьледаваць магчымыя зьверствы падчас і пасьля вайны за незалежнасьць Косава ў 1998–1999 гадах. Іх апэрацыі праходзяць пры падтрымцы паліцыі Косава і Місіі Эўразьвязу ў справе вяршэнства права ў Косаве.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэзыдэнт Сэрбіі: Лукашэнка ледзь ня плакаўТачы і Вэсэлі ўваходзілі ў кіраўніцтва Вызвольнай арміі Косава — ваенізаванага аб’яднаньня косаўскіх альбанцаў, якія ваеннымі мэтадамі дамагаліся незалежнасьці ад Югаславіі ў канцы 1990-х гадоў. Апэрацыі сэрбскай паліцыі і югаслаўскай арміі ў Косаве суправаджаліся масавымі парушэньнямі правоў чалавека. Пасьля ўмяшаньня ў канфлікт увесну 1999 гады сіл NATO, Бялград страціў кантроль над тэрыторыяй Косава, у вобласьць быў уведзены міжнародны міратворчы кантынгент. У 2008 годзе Косава абвясьціла незалежнасьць, прызнаную прыкладна 60 працэнтамі дзяржаваў сьвету. Незалежнасьць Косава, акрамя Сэрбіі, не прызнаюць Беларусь, Расея, Кітай і шэраг краін ЭЗ, у прыватнасьці Гішпанія і Славаччына.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пракуратура ў Гаазе выставіла абвінавачаньне ў ваенных злачынствах прэзыдэнту КосаваАбвінавачаньні супраць Тачы будзе выстаўляць Спэцыяльны міжнародны трыбунал у справе Косава, які быў створаны ў Нідэрляндах у 2015 годзе, аднак фармальна лічыцца часткай косаўскай прававой сыстэмы. Нагодай стаў апублікаваны за некалькі гадоў да гэтага даклад ПАРЭ. У ім сьцьвярджалася, што ўдзельнікі Вызвольнай арміі Косава ў канцы 1990-х і пачатку 2000-х гадоў былі датычныя да сур’ёзных злачынстваў, такіх як наркагандаль, выкраданьні і забойствы людзей.