Сябра прэзыдыюму Каардынацыйнай рады Павал Латушка у тэлеграм-канале пракамэнтаваў апублікаваны 5 лістапада даклад АБСЭ пра сытуацыю ў Беларусі.
Вось высновы Латушкі.
- Даклад замацаваў непрызнаньне Лукашэнкі кіраўніком дзяржавы і прызнаў доказы таго, што выбары былі сфальсыфікаваныя.
- У АБСЭ рэкамэндавалі заснаваць незалежны міжнародны орган для расьсьледаваньня крымінальных злачынстваў у дачыненьні да грамадзянаў Беларусі з удзелам экспэртаў-крыміналістаў.
- Фактычна можна казаць аб пэрспэктыве стварэньня міжнароднага трыбуналу па злачынствах, што адбываюцца ў Беларусі.
- Даецца простая рэкамэндацыя пра завядзеньне крымінальных спраў супраць усіх супрацоўнікаў сілавых структураў, якія ўчынілі злачынствы, у эўрапейскіх дзяржавах і іншых юрысдыкцыях. Пра падтрымку такога падыходу заявіў міністар замежных спраў Вялікай Брытаніі Дамінік Рааб.
- Справаздача АБСЭ ёсьць доказнай базай для будучых судовых працэсаў у любой дзяржаве, якая падтрымае даклад.
Народнае антыкрызіснае кіраваньне накіруе звароты ў міністэрствы замежных спраў і пасольствы розных дзяржаў пра спыненьне любога супрацоўніцтва з рэжымам і пачатак працэдураў крымінальнага перасьледу вінаватых у гвалце над беларускімі грамадзянамі, напісаў Павал Латушка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: АБСЭ заклікала Менск правесьці новыя выбары прэзыдэнта