Прэзыдэнт часткова прызнанай Рэспублікі Косава Хашым Тачы ў чацьвер абвясьціў аб сваёй адстаўцы — пасьля таго, як стала вядома, што Спэцыяльная пракуратура па Косаве ў Гаазе пацьвердзіла абвінавачаньні супраць яго ва ўчыненьні ваенных злачынстваў у 1998–1999 гадах падчас збройнага канфлікту ў былой Югаславіі.
Аб адстаўцы Тачы абвясьціў на прэс-канфэрэнцыі ў Прышціне. Ён абвяргае абвінавачаньні. Раней ён абяцаў сысьці ў адстаўку, калі пракуратура будзе на іх настойваць. Выконваць абавязкі прэзыдэнта, як чакаецца, будзе кіраўнік парлямэнту.
Напярэдадні ў Прышціне пры садзейнічаньні сіл бясьпекі місіі ЭЗ па падтрыманьні законнасьці быў затрыманы былы сьпікер парлямэнту Косава Якуп Красьнічы — таксама на запыт гааскай спэцпракуратуры.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці будзе новая вайна на Балканах і чаму там марнуецца шанец БеларусіСпэцпракуратура ў Гаазе выставіла абвінавачаньне супраць Тачы, былога старшыні косаўскага парлямэнту Кадры Вэсэлі і яшчэ некалькіх дзеячоў у чэрвені гэтага году. Яны падазраюцца ў датычнасьці да забойстваў каля ста чалавек, а таксама ў выкраданьнях, перасьледах і катаваньнях людзей падчас або пасьля завяршэньня збройнага канфлікту ў Косаве.
Сьледзтва адзначае, што ахвярамі злачынстваў былі прадстаўнікі розных этнічных груп, у тым ліку косаўскія альбанцы, сэрбы, ромы.
Тачы і Вэсэлі ўваходзілі ў кіраўніцтва Арміі вызваленьня Косава — ваенізаванага аб’яднаньня косаўскіх альбанцаў, якія ў канцы 1990-х гадоў ваеннымі мэтадамі дамагаліся незалежнасьці ад Югаславіі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Праваабаронцы прызналі палітвязьнямі яшчэ 19 чалавек. Цяпер такіх у Беларусі 121