На маршы 1 лістапада ў Менску трапіў на відэа ўчынак аднаго з пратэстоўцаў: мужчына ў чырвонай куртцы расшпіліў вопратку і пайшоў на сілавіка са стрэльбай. «Наша Ніва» знайшла гэтага чалавека.
Яго завуць Раман, яму 35 гадоў, працуе ў сфэры будаўніцтва.
«Я жыву непадалёк ад месца, дзе ішлі людзі. Рушыў сваім маршрутам, але апынуўся сярод мітынгоўцаў, частку дарогі прайшоў зь імі. Плянаваў збочыць на скрыжаваньні з вуліцай Каліноўскага, але дарогу перакрыла група сілавікоў, — расказвае Раман. — Я ішоў ня ў першых шэрагах, недзе ў сярэдзіне. Частка людзей разьбеглася, а частка не спынілася і пайшла наперад. Пайшоў і я — неяк спантанна».
«Далейшыя мае паводзіны не былі правакацыяй ці нейкім падрыхтаваным дзеяньнем. І ня п’яны ўчынак — я быў абсалютна цьвярозы. Проста неяк назапашаная незадаволенасьць вылілася... І я агаліў грудзі і кажу сілавіку: „Страляй!“
Ён адказваў штосьці кшталту „Разыходзьцеся!“ Дакладна я ня памятаю. Страшна не было, я быў упэўнены, што сілавік ня стане страляць — загінуць і атрымаць раненьне я таксама не хацеў. Але я і не разьлічваў, што сілавікі мяне прапусьцяць. Проста... Неяк захацелася паказаць ім, што людзі іх не баяцца», — тлумачыць Раман.
Пасьля яго ўзяла за плячо нейкая дзяўчына і адцягнула ўбок.
«Калі я абыходзіў калёну, мяне скруцілі, але ці то трапіліся чалавечныя сілавікі, ці то не было каманды затрымліваць. Двое ўзялі мяне пад рукі, адвялі ўбок, потым сказалі: „Ідзі далей адсюль“. І адпусьцілі. Было непрыемна, баяўся, што дадуць суткі і адвязуць у легендарнае Акрэсьціна. Раней я яшчэ мог удзельнічаць у мітынгах, але апошнім часам ад гэтай ідэі адмовіўся. У мяне зьявілася малое дзіця, грошай ледзь-ледзь хапае, дык я баюся, што магу сесьці на суткі ці страціць працу. Таму стараюся сябе паводзіць акуратна. Нават тады, 1 лістапада, я ж ішоў без сымболікі, не крычаў лёзунгаў».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Гранаты і стрэльбы супраць кветак і сьвечак. Як у Менску прайшоў марш «Дзяды супраць тэрору». ФОТА і ВІДЭА