Прадстаўнікі ўсіх краінаў Эўразьвязу дамовіліся пра ўвядзеньне новых санкцыяў супраць уладаў Беларусі, у тым ліку супраць Аляксандра Лукашэнкі. Рашэньне мае быць апублікаванае ў пятніцу. Пра гэта паведамілі крыніцы Радыё Свабода ў Брусэлі.
У кастрычніку кіраўнік дыпляматыі ЭЗ Жузэп Бурэль заявіў, што сытуацыя ў Беларусі не паляпшаецца, працягваюцца беспрэцэдэнтныя рэпрэсіі супраць грамадзянаў, журналістаў і сябраў Каардынацыйнай рады, і таму Эўразьвяз рыхтуе новыя санкцыі супраць афіцыйных асобаў.
«Вы добра ведаеце, што Эўрапейскі Зьвяз не прызнаў фальсыфікаваныя вынікі прэзыдэнцкіх выбараў», — сказаў тады высокі прадстаўнік ЭЗ у замежных справах, зьвяртаючыся да эўрадэпутатаў на пленарнай сэсіі Эўрапейскага парлямэнту ў Брусэлі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Бурэль: Адносіны ЭЗ зь Менскам патрабуюць перагляду. Рыхтуецца новы пакет санкцый, які ўключае Лукашэнку«Мы ясна заявілі, што Лукашэнка ня мае ніякай дэмакратычнай легітымнасьці. Мы не прызнаем яго як законнага прэзыдэнта Беларусі», — працягнуў тады Бурэль.