Грамадзяне Ўкраіны, якія патрабуюць трансплянтацыі ныркі і ўжо знаходзяцца ў чэргах лякарняў Менску і Берасьця, зьвярнуліся да ўладаў Беларусі і Ўкраіны з заклікам урэгуляваць пытаньне перасячэньня ўкраінска-беларускай мяжы на аўтамабільным транспарце.
З 1 лістапада Беларусь, у сувязі з эпідэміяй каранавірусу, закрыла межы для ўсіх іншаземцаў, за выключэньнем некаторых катэгорыяў грамадзян. Але ў гэты пералік ня трапілі пацыенты, якім патрэбна рэгулярна праходзіць абсьледаваньне ў беларускіх лякарнях для падрыхтоўкі да апэрацыі перасадкі донарскіх органаў.
«Мы просім, каб нас, пацыентаў, і асобаў, якія суправаджаюць, пры неабходнасьці ўключылі ў пералік выключэньняў для перасячэньня мяжы аўтамабільным транспартам. Мы едзем не адпачываць, не па шопінг і ня ў госьці. Для нас гэта жыцьцёва важна!», — адзначаецца ў відэароліку, у запісе якога ўзялі ўдзел 10 пацыентаў з розных рэгіёнаў Украіны.
У відэароліку ўкраінцы расказваюць свае гісторыі. Для большасьці зь іх трансплянтацыя ўжо аплочаная з украінскага дзяржаўнага бюджэту паводле адмысловай праграмы Міністэрства аховы здароўя Ўкраіны.
«Мы ўсе прайшлі доўгі шлях і ня хочам сыходзіць з дыстанцыі на фінішы. Я, напрыклад, чакаю крыху больш за год, нехта 2-3 гады і больш. Мы ўсе розных узростаў, сярод нас ёсьць дзеці і дарослыя, але мы хочам аднаго — жыць!», — дадаў Максім Шульга, адзін з пацыентаў, які ўдзельнічаў у звароце.
30 кастрычніка беларускія памежнікі адмовілі ва ўезьдзе ў Беларусь львавяніну Назару Вусу і ягонай жонцы, якая ўжо год стаіць у чарзе на трансплянтацыю ныркі ў Берасьці. Гэтым разам яна мусіла прайсьці працэдуру, якая называецца тыпаваньне — гэта здача крыві для базы, паводле якой вызначаецца сумяшчальнасьць донарскага органа. Пацыенты сьцьвярджаюць, што такую працэдуру яны мусяць праходзіць раз на тры месяцы, каб пацьвердзіць сваю чаргу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь адмаўляе ва ўезьдзе ўкраінцам, якія заплацілі за трансплянтацыю нырак у беларускіх лякарнях