3 лістапада ў ЗША — прэзыдэнцкія выбары. Значная частка выбарцаў ужо прагаласавала датэрмінова па пошце. Канчатковыя вынікі галасаваньня будуць вядомыя празь некалькі дзён ці нават тыдняў.
Якія падыходы да ключавых пытаньняў зьнешняй палітыкі адстойваюць два кандыдаты — Джо Байдэн і Дональд Трамп?
Адказы на гэтае пытаньне падрыхтаваў «Голас Амэрыкі».
На базавым узроўні разрыў можна ўбачыць на прыкладзе лёзунгу Трампа «Амэрыка перш за ўсё» і імкненьня Байдэна да пашырэньня міжнароднага супрацоўніцтва.
Вось некаторыя асноўныя моманты, якія ілюструюць адрозьненьні ў падыходах двух кандыдатаў да праблемаў зьнешняй палітыкі.
Беларусь
Падчас кампаніі Джо Байдэн рэзка крытыкаваў рэжым Аляксандра Лукашэнкі. За некалькі дзён да выбараў Байдэн заявіў: «Я асуджаю абуральныя парушэньні правоў чалавека, якія ўчыняе рэжым Лукашэнкі. Ніводзін лідэр, які мучыць свой уласны народ, ня можа прэтэндаваць на легітымнасьць. Вось чаму міжнародная супольнасьць павінна значна ўзмацніць санкцыі да паслугачоў Лукашэнкі і замарозіць афшорныя рахункі, на якіх яны захоўваюць скрадзенае багацьце».
У выпадку перамогі на выбарах Байдэн, паводле яго, мае намер разам з эўрапейскімі партнэрамі і саюзьнікамі распрацаваць плян эканамічнай падтрымкі «сапраўды сувэрэннай, дэмакратычнай Беларусі».
У сваю чаргу Дональд Трамп у жніўні назваў сытуацыю ў Беларусі жахлівай, падкрэсьліў, што пратэсты ў Беларусі маюць мірны характар (у адрозьненьне ад ЗША), і што ў Беларусі назіраецца брак дэмакратыі.
Пры гэтым дзярждэпартамэнт, які падпарадкоўваецца прэзыдэнту, заявіў, што ня лічыць Аляксандра Лукашэнку легітымным прэзыдэнтам Беларусі. Міністэрства фінансаў ЗША ўвяло пэрсанальныя і фінансавыя санкцыі супраць 8 асобаў, датычных да фальсыфікацыяў выбараў і парушэньня грамадзянскіх правоў у Беларусі.
Дзяржсакратар Майк Пампэо меў тэлефонную гутарку з Лукашэнкам, у выніку якой амэрыканскі грамадзянін, палітвязень у Беларусі Віталь Шкляраў атрымаў магчымасьць пакінуць Беларусь.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: За дзень да выбараў: Трамп наведаў 5 штатаў, Байдэн — ПэнсыльваніюNATO
Трамп пачаў крытыкаваць альянс яшчэ падчас перадвыбарчай кампаніі 2016 году, патрабуючы ад іншых чальцоў альянсу павялічыць выдаткі на абарону. Да моманту абраньня Трампа некаторыя краіны выканалі плян па выдатках, вызначаны NATO ў 2014 годзе, але многія гэтага не зрабілі, і ў пачатку гэтага году прэзыдэнт вывеў больш за 12 тысячаў вайскоўцаў зь Нямеччыны, абвінаваціўшы яе ў злоўжываньні падтрымкай ЗША.
Падчас дэбатаў у чэрвені 2019 году Байдэн назваў NATO «самым значным альянсам у гісторыі Злучаных Штатаў» і папярэдзіў, што ён распадзецца, калі Трампа пераабяруць. Былы віцэ-прэзыдэнт хоча зрабіць аднаўленьне міжнародных партнэрскіх адносінаў прыярытэтным напрамкам сваёй працы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У ЗША прайшлі апошнія перад выбарамі дэбаты Трампа і БайдэнаРасея
Байдэн абяцаў прад’явіць прэтэнзіі прэзыдэнту Расеі Ўладзіміру Пуціну з нагоды ўмяшаньня Расеі ў амэрыканскія выбары і за іншы зламысныя дзеяньні.
«Я не разумею, чаму гэты прэзыдэнт ня хоча даць адпор Пуціну, у той час як той плаціць узнагароджаньне за забойства амэрыканскіх салдат у Аўганістане і займаецца дзейнасьцю, накіраванай на дэстабілізацыю NATO», — сказаў Байдэн.
Трамп адхіліў высновы амэрыканскіх спэцслужбаў аб тым, што Расея ўмешвалася ў выбары 2016 году, імкнучыся спрыяць яго перамозе. Пытаньне, якое прывяло да запуску працэдуры імпічмэнту ў дачыненьні да яго, прэзыдэнт назваў «фальсыфікацыяй» і «паляваньнем на вядзьмарак». У якасьці доказу рашучай пазыцыі сваёй адміністрацыі ён нагадвае аб уведзеных супраць Расеі санкцыях.
«Ніхто не вёў сябе з Расеяй больш жорстка, чым Дональд Трамп», — заявіў ён.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Трамп супраць Байдэна: першыя дэбаты кандыдатаў у прэзыдэнты ЗШАКітай
Палітыка Трампа ў дачыненьні да Кітаю зьмянялася на працягу яго прэзыдэнцтва. Неўзабаве пасьля інаўгурацыі ён правёў саміт са старшынём КНР Сі Цзіньпінам, пасьля разгарнулася гандлёвая вайна, а ў студзені гэтага году была дасягнутая першая фаза гандлёвага пагадненьня. На фоне распаўсюду каранавірусу ў 2020 годзе Трамп усклаў на Кітай віну за пандэмію, адначасова настойваючы на забароне папулярных кітайскіх аплікацыяў TikTok і WeChat.
«Прэзыдэнт Трамп супрацьстаяў Кітаю і працягне прытрымлівацца рашучага падыходу», — сказаў віцэ-прэзыдэнт Майк Пэнс падчас кастрычніцкіх дэбатаў.
Байдэн выступае за больш жорсткую пазыцыю ў пытаньнях правоў чалавека ў Кітаі і сытуацыі ў Ганконгу, і за працяг ціску на Пэкін у сфэры гандлю.
Сэнатарка Камала Гарыс, кандыдатка на віцэ-прэзыдэнта ад дэмакратычнай партыі, падчас дэбатаў з Пэнсам заявіла, што адміністрацыя Трамп «прайграла гандлёвую вайну».
«Праз гэта банкрутуюць фэрмэры. Праз гэта мы знаходзімся ў рэцэсіі», — сказала Гарыс.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Байдэн абвінаваціў Трампа ў маўчаньні пра «дыктатара» ў БеларусіІран
Байдэн займаў пасаду віцэ-прэзыдэнта, калі ў 2015 годзе ЗША і яшчэ пяць сусьветных дзяржаваў падпісалі пагадненьне зь Іранам, якое абмяжоўвае яго ядзерную праграму ў абмен на зьмякчэньне санкцыяў. Трамп выйшаў з пагадненьня, назваўшы яго «найгоршай зьдзелкай у гісторыі», і ўвёў новыя санкцыі, якія нанесьлі шкоду эканоміцы Ірану і падштурхнулі яго да павелічэньня ядзернай актыўнасьці.
Байдэн у выпадку абраньня зьбіраецца вярнуцца ў пагадненьне, мяркуючы, што ў гэтым выпадку Іран зноў пачне выконваць яго ўмовы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Трамп пагадзіўся ісьці на новы тэрмін і заявіў: калі Байдэн пераможа на выбарах, Кітай стане гаспадаром АмэрыкіІзраіль
Абодва кандыдаты падтрымліваюць рашэньне аб дзьвюх дзяржавах па выніках мірных перамоваў паміж Ізраілем і палестынцамі.
Трамп актыўна падтрымлівае прэмʼер-міністра Ізраілю Біньяміна Нэтаньягу і перанёс амбасаду ЗША ў Ізраілі з Тэль-Авіву ў Ерусалім.
Байдэн гэты крок асудзіў, але адмяняць яго не плянуе. Ён прапануе адкрыць консульства ЗША ва Ўсходнім Ерусаліме для ўзаемадзеяньня з палестынцамі.
Кандыдат ад дэмакратаў прызнаў заслугу адміністрацыі Трампа ў пасярэдніцтве пры заключэньні пагадненьняў аб нармалізацыі адносінаў Ізраіля з Бахрэйнам і Абʼяднанымі Арабскімі Эміратамі. Але Байдэн сказаў, што ў Трампа да гэтага часу няма «пасьлядоўнага пляну зьнешняй палітыкі», акрамя імкненьня ставіць інтарэсы ЗША на першае месца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Байдэн назваў імя кандыдата на пасаду віцэ-прэзыдэнтаАўганістан
Адміністрацыя Трампа заключыла з талібамі пагадненьне, якое прадугледжвае вывад амэрыканскіх войскаў з Аўганістану да сярэдзіны 2021 году. У кастрычніку ён напісаў у Твітэры, што хоча завяршыць вывад войскаў ужо да канца 2020 году.
Байдэн аддае перавагу больш асьцярожнаму падыходу з улікам разьвіцьця сытуацыі ў Аўганістане.
Паўночная Карэя
Трамп правёў два раўнды перамоваў зь лідэрам Паўночнай Карэі Кім Чэн Ынам і сустрэўся зь ім на міжкарэйскай мяжы ў рамках намаганьняў па дэнуклеарызацыі Карэйскай паўвыспы. Перамовы не прынесьлі ніякіх дамоўленасьцяў, але Пхэньян не рабіў выпрабаваньняў ядзернай зброі і міжкантынэнтальных балістычных ракетаў з 2017 году. Трамп кажа, што ў яго склаліся «вельмі добрыя адносіны» з паўночнакарэйскім лідэрам. Адміністрацыя выказала надзею на правядзеньне яшчэ аднаго саміту.
Байдэн заяўляе, што ня стане сустракацца з Кім Чэн Ынам без папярэдніх умоў. Стратэгія адміністрацыі Байдэна будзе палягаць у выкарыстаньні санкцыйнага ціску з мэтай падштурхнуць Пхэньян да перамоваў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЗША хоць і пачалі працэс выхаду з Сусьветнай арганізацыі здароўя, але выйдуць яшчэ ня хуткаАфрыка
Байдэн прапануе адмяніць забароны на ўезд у краіну, уведзеныя Трампам неўзабаве пасьля ўступленьня на пасаду, у тым ліку забарону, якая сурʼёзна закранула некалькі краінаў зь пераважна мусульманскім насельніцтвам, у тым ліку Нігерыю, Судан і Самалі. Трамп настойвае, што забароны неабходныя, каб гарантаваць бясьпеку.
Стратэгіі абодвух кандыдатаў скіраваныя на стымуляваньне эканамічнага разьвіцьця кантынэнту, а таксама супрацоўніцтва з афрыканскімі лідэрамі і чальцамі дыяспар.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Трампа афіцыйна вылучылі кандыдатам у прэзыдэнты ЗША ад рэспубліканцаўЦэнтральная Амэрыка
У 2019 годзе адміністрацыя Трампа заключыла дамовы з Гватэмалай, Сальвадорам і Гандурасам, паводле якіх мігранты павінныя спачатку прасіць прытулку ў гэтых краінах. Калі яны прыбудуць на мяжу ЗША і Мэксыкі, не зрабіўшы гэтага, іх адправяць назад. Дарадца прэзыдэнта Стывэн Мілер сказаў, што падчас другога тэрміну Трампа плянуецца заключыць аналягічныя пагадненьні зь іншымі краінамі.
Байдэн крытыкуе жорсткую іміграцыйную палітыку Трампа, абвінавачваючы яго ў спробах падарваць існыя законы аб наданьні прытулку і ўцекачах. Былы віцэ-прэзыдэнт паабяцаў аднавіць некаторую дапамогу рэгіёну, каб урады прынялі меры па зьмяншэньні патоку мігрантаў у ЗША.
Пры адміністрацыі Трампа колькасьць уцекачоў, якія дапускаюцца ў краіну зь усяго сьвету, рэзка скарацілася: у апошні год прэзыдэнцтва Барака Абамы іх было 85 тысячаў, а сёлета — усяго 15 тысячаў. Дзяржаўны дэпартамэнт заявіў, што абмежаваньне неабходнае для «бясьпекі і дабрабыту амэрыканцаў, асабліва ў сьвятле пандэміі COVID-19, якая працягваецца».
Байдэн паабяцаў рэзка зьмяніць курс, падняўшы ліміт колькасьці ўцекачоў да 125 тысячаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Трамп назваў сытуацыю ў Беларусі жахлівайМіжнародныя пагадненьні
Трамп, у адпаведнасьці зь яго прынцыпам «Амэрыка перш за ўсё», адсунуўся ад шэрагу міжнародных ініцыятываў: выйшаў з Парыскага пагадненьня па клімаце і перамоваў па Трансціхаакіянскім партнэрстве (ТЦП) і спыніў фінансаваньне Сусьветнай арганізацыі здароўя (САЗ).
Займаючы пасаду віцэ-прэзыдэнта, Байдэн падтрымліваў як Парыскае пагадненьне, гэтак і ТЦП. У выпадку абраньня ён плянуе далучыцца да іх, а таксама аднавіць фінансаваньне САЗ.