У Грузіі апазыцыйны выбарчы блёк па чале з «Адзіным нацыянальным рухам» (АНР) вырашыў адмовіцца ад дэпутацкіх мандатаў.
Пра гэта заявіў адзін зь лідэраў блёку Ніка Мэлія.
«Нашае патрабаваньне — новыя выбары ў свабодным асяродзьдзі. Мы даможамся гэтага бліжэйшым часам», — кажа Мэлія.
Раней пра намер байкатаваць працу парлямэнту абвясьцілі і іншыя апазыцыйныя сілы, сярод іх партыі «Эўрапейская Грузія» і «Спроба для Грузіі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Грузіі пратэсты супраць вынікаў выбараў, на якіх перамагае кіроўная партыяПратэсты ў Тбілісі пачаліся пасьля абвяшчэньня афіцыйных вынікаў парлямэнцкіх выбараў, якія прайшлі 31 кастрычніка. Паводле гэтых дадзеных, пераканаўчую перамогу атрымала кіроўная партыя «Грузінская мара». Яна атрымала прыкладна 48% галасоў і можа самастойна, ужо трэці раз, сфармаваць урад.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Грузіі прайшлі выбары ў парлямэнт. У экзыт-полах наперадзе кіроўная «Грузінская мара»Апазыцыйны блёк «АНР — Сіла ў адзінстве» атрымаў каля 27%. Усяго ў парлямэнт 10-га скліканьня праходзяць сем партыяў і два блёкі.
Апазыцыя сьцьвярджае, што вынікі галасаваньня былі сфальсыфікаваныя, і настойвае на паўторных выбарах. Улады Грузіі назвалі парушэньні нязначнымі. Назіральнікі ад АБСЭ заявілі, што ў цэлым выбары можна назваць свабоднымі і канкурэнтнымі, але нельга не заўважыць, што давер да выбарчага працэсу ў краіне падарваны.