Аб’ехаў зь дзясятак «гарачых кропак», у якіх так ці інакш прымала ўдзел Расея. Параўноўваў падзеі ў Беларусі з Майданам.
Выканаўцам абавязкаў галоўнага рэдактара газэты «Комсомольская правда в Беларуси» стаў журналіст маскоўскай рэдакцыі Аляксандар Коц. Пра гэта «Мэдыязоне» паведаміў сам журналіст.
У «Комсомольскай правде» з 1999 году
Аляксандар Коц пачаў працу ў «КП» з 1999 году, стаў спэцыяльным карэспандэнтам аддзелу палітыкі. Адказваў за асьвятленьне вайсковых канфліктаў, катаклізмаў.
Працаваў у Косаве, Аўганістане, Украіне
Аляксандар Коц працаваў у шэрагу «гарачых кропак»: Паўднёвая Асэтыя (2008), Лібія (2011), Косава (2000–2011), Аўганістан (2006, 2013), Эгіпет (2011, 2012–2013).
У большасьці «гарачых кропак», дзе працаваў Коц, так ці інакш была замяшаная Расея (Цхінвалі, Данбас, Крым, Сырыя).
Са сьнежня 2013 году Аляксандар Коц працаваў ва Ўкраіне на Данбасе. У Расеі за гэта яго ўзнагародзілі мэдалём, а ўкраінскае СБУ забараніла яму ўезд на тэрыторыю Ўкраіны. Аляксандар Коц унесены ў базу «Миротворец» за аднабаковае асьвятленьне анэксіі Крыму і баявых дзеяньняў на Данбасе. СБУ абвяшчала Коца ў вышук як «памагатага тэрарыстаў».
Доўгі час працаваў у пары зь іншым ваенным спэцкорам КП Дзьмітрыем Сьцешыным. Сьцешын уваходзіў у рэдакцыю часопіса «Русский образ», якім кіраваў ультраправы расейскі нацыяналіст Ільля Гарачоў. Пазьней Гарачова асудзілі па справе Баявой арганізацыі рускіх нацыяналістаў.
Хваліць Пуціна, адмаўляе атручваньне Навальнага
У сваім твітэры Аляксандар Коц час ад часу выказваецца і пра ўнутраную расейскую палітыку. Напрыклад, хваліў расейскія ўлады за эканамічную падтрымку падчас каранавірусу. У зьедлівай манеры ён выказваўся пра атручваньне Аляксея Навальнага, у чым краіны ЭЗ падазраюць расейскія спэцслужбы.
У твітэры Коца шмат расейскага афіцыёзу: цытаты Пуціна, Лаўрова, Нарышкіна, Сабяніна, Мішусьціна.
Паводле Коца, арышт 30 «вагнэраўцаў» у Беларусі — правакацыя ЦРУ
Наконт арышту ў Менску 30 «вагнэраўцаў» улетку Аляксандар Коц зрабіў цэлае расьсьледаваньне. Вынік — гэта была правакацыя СБУ пад куратарствам ЦРУ. Праўда, Аляксандар Коц так і не патлумачыў, дзе падзеліся іншыя «вагнэраўцы», пра якіх тады казалі беларускія ўлады.
Тады беларускія сілавыя ведамствы заяўлялі, што па лясах хаваюцца яшчэ 170 баевікоў.
Кардынальна «зьмяніў пункт гледжаньня» на беларускія пратэсты
У жніўні падчас пратэставых акцый затрымлівалі журналістаў «Камсамолкі» з Расеі. Аляксандар Коц пра гэта нэгатыўна выказваўся ў сваіх сацыяльных сетках.
«Толькі што на Серабранцы міліцыяй былі зьбітыя журналіст і кіроўца беларускай „Комсомольской правды“ Генадзь Мажэйка і Антон Кулеша. Сілавікі прачэсвалі аўтастаянкі ў пошуках пратэстоўцаў, якія ўцякалі. Каго знаходзілі ў машынах — выцягвалі. Хто не адчыняў дзьвярэй — разьбівалі вокны. Нашых хлопцаў папрасілі адчыніць багажнік, калі кіроўца адчыняў, яго пачалі зьбіваць дручком. Трапіла і журналісту», — пісаў Аляксандар Коц у жніўні.
Пазьней, напрыканцы жніўня, Аляксандар Коц падкрэсьліваў, што «на беларускіх пратэстах няма антырасейскіх настрояў».
А вось ужо 15 верасьня Аляксандар Коц нэгатыўна выказаўся пра Сьвятлану Ціханоўскую і параўнаў беларускія пратэсты з падзеямі ва Ўкраіне.
Далей Коц узяў інтэрвію ў Мікалая Азарава, украінскага прэм’ера часоў Януковіча. Асноўны тэзіс гэтага інтэрвію: «Захад робіць у Беларусі Майдан, а Беларусь стане беднай антырасейскай краінай».
Ухваліў таемную інаўгурацыю Лукашэнкі
У верасьні Аляксандар Коц напісаў артыкул пра таемную інаўгурацыю Лукашэнкі. Коц у матэрыяле даводзіць, што «такім чынам Лукашэнка ўсіх перайграў». Вечар гэтага дня скончыўся ў Менску пратэстамі, якія былі жорстка разагнаныя сілавікамі.
Што кажа закон
Па беларускіх законах Аляксандар Коц ня можа быць галоўным рэдактарам выданьня — для гэтага трэба мець грамадзянства Беларусі. Аднак ён можа займаць пасаду выканаўцы абавязкаў галоўнага рэдактара.
Што адбываецца з газэтай «Комсомольская правда в Беларуси»
Напярэдадні такіх кадравых прызначэньняў пра свой сыход з «КП» заявілі журналісты Эвіка Ота, Вольга Івашэнка, а таксама намесьніца галоўнага рэдактара Іна Качаткова. Пра сваё звальненьне заявілі таксама журналісты Тацяна Шахновіч і Мікіта Дубалека.
Са жніўня з друкам газэты пачаліся праблемы, пасьля таго як выданьне апублікавала рэпартажы і фатаздымкі наступстваў прымяненьня сілавікамі спэцсродкаў. Некалькі нумароў адмовіліся друкаваць у дзяржаўным Доме друку, тады газэта пачала выходзіць у Расеі, але тыраж значна зьнізіўся. Стала вядома, што Белсаюздрук ня ўнёс «КП в Беларуси» ў падпісны каталёг на першае паўгодзьдзе 2021 году.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускую «Камсамолку» ўзначаліў расейскі ваенны карэспандэнт