Натальля і Аляксандар Крушавыя настаўнічаюць у школе аграгарадка Добрая Горацкага раёну. 26 кастрычніка яны падтрымалі агульнанацыянальны страйк, да якога заклікала Сьвятлана Ціханоўская, і не выходзілі дзень на працу.
На знак пратэсту супраць перасьледу выкладчыкаў і студэнтаў абое выйшлі з афіцыйнага прафсаюзу работнікаў адукацыі і навукі. Натальля і Аляксандар перакананыя, што чыноўнікі ім не даруюць і пасьля відэазвароту знойдуць прычыну, каб звольніць.
Пра што гавораць настаўнікі ў відэазвароце:
- Ня можам заставацца абыякавымі да гвалту, якія зазнаюць мірныя грамадзяне за выказваньне сваёй думкі.
- Ніякая мэта, якая б высокая яна ні была, не апраўдвае гвалту і зла дзеля яе дасягненьня.
- Чаму трэба хлусіць, каб жыць спакойна, і чаму хлусьня стала такой звыклай у нашым сучасным грамадзтве?
- Хочам выхаваць ня толькі добрых хлебаробаў, рабочых, інжынэраў, настаўнікаў, дактароў, навукоўцаў, але і сумленных грамадзян краіны, неабыякавых да болю іншых.
- Наша сумленьне не дазваляе быць абыякавымі і маўчаць пра гвалт над людзьмі, пра страх і прыстасаванства ў грамадзтве.
- Жадаем абараніць пэдагагічны гонар, які нельга забраць, але можна загубіць абыякавасьцю.
Натальля Крушава: «Наш лёс вырашыцца ў найбліжэйшыя дні»
44-гадовая Натальля Крушава — настаўніца пачатковых клясаў у вясковай школе. Яна жонка асуджанага за палітычны відэазварот супрацоўніка Горацкіх ачышчальных збудаваньняў Сяргея Крушава. Аляксандар Крушаў — яе пляменьнік.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дваім «суткі», дваім штраф. На Магілёўшчыне «разабраліся» з працаўнікамі за палітычны відэазваротНатальля лічыць, што мужа пакаралі незаконна, бо ён выказаў уласны погляд на сытуацыю ў краіне, а такое права гарантавана Канстытуцыяй. Зьняволеньне Сяргея падштурхнула яе адкрыта выказаць сваю пазыцыю. Яна выступіла супраць гвалту сілавікоў, сваволі ўладаў і перасьледу за іншадумства.
Натальля кажа, што цяпер абстаноўка ў школе нэрвозная. Дапускае, што яе з пляменьнікам лёс «вырашыцца ў найбліжэйшыя дні, і малаімаверна, што іх пакінуць у школе».
На яе погляд, школьныя канікулы — зручны момант, каб спыніць з настаўнікамі працоўныя адносіны.
«Зваротам хацела падтрымаць тых, хто цярпіць за праўду значна больш, чым я», — адзначае настаўніца. Яна хоча наблізіць справядлівае разьвязаньне палітычнага крызісу, каб «людзі адчулі рух сумленьня ў лепшы бок».
Аляксандар Крушаў: «Мяне ўражвае сьмеласьць і самаахвярнасьць студэнтаў»
22-гадовы Аляксандар Крушаў вучыць вясковую дзятву матэматыцы і інфарматыцы. У школе працуе трэці год. У выпадку звальненьня яму давядзецца сплачваць кошт навучаньня, бо тэрмін разьмеркаваньня яшчэ ня выйшаў.
Аляксандар зьдзіўлены, наколькі хутка разышоўся іхны відэазварот па сацыяльных сетках і колькі было на яго водгукаў. Апублікавалі яго 1 лістапада ўвечары.
Падчас сёлетняй выбарчай кампаніі ўбачыў заганы цяперашняй улады. Кажа, што гвалт сілавікоў супраць мірных пратэстоўцаў не пакінуў яго абыякавым. Ён захапляецца студэнтамі, якія бароняць свае правы. Відэазваротам падтрымлівае іх, а таксама свайго дзядзьку.
«Я сам нядаўна быў студэнтам, — адзначае Аляксандар. — І цяпер нават шкадую, што скончыў унівэрсытэт раней. Іначай быў бы сярод студэнтаў, якія пратэстуюць. Мяне ўражвае іхная сьмеласьць і самаахвярнасьць».