У Польшчы жанчыны стварылі структуру на ўзор беларускай Каардынацыйнай рады

Пратэст супраць новага закону аб абортах у Польшчы, Варшава, 30 кастрычніка 2020

У Варшаве 1 лістапада прайшло першае пасяджэньне Кансультацыйнай рады, якая мае каардынаваць масавыя жаночыя пратэсты, што ахапілі краіну пасьля абвастрэньня правілаў выконваньня абортаў.

Кансультацыйная рада вырашыла правесьці блякаду дарог у Польшчы 2 лістапада.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жанчыны-дэпутаткі перапынілі пасяджэньне польскага Сэйму, пратэстуючы супраць новага закону аб абортах

Кансультацыйную раду, як паведамляе Gazeta Wyborcza, стварыла ініцыятыва «Агульнапольскі жаночы страйк» на ўзор беларускай апазыцыйнай Каардынацыйнай рады.

«Мы прыглядаемся да Беларусі і бачым, наколькі важныя рэгулярныя акцыі», — сказала адна зь лідэрак «Агульнапольскага жаночага страйку» Марта Лемпарт. — Мы хочам, каб блякады паўтараліся штотыдзень. Людзі выдатна самаарганізоўваюцца, ведаюць, дзе і як пратэставаць. Іх раздражняюць ня толькі аборты, але і пандэмія, і бездапаможнасьць дзяржавы ва ўмовах крызісу».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ініцыятарка «Жаночага страйку» ў Польшчы адказала Лукашэнку: Выбары сфальсыфікавалі ў Беларусі

Паводле ацэнак «Жаночага страйку», пасьля рашэньня Канстытуцыйнага трыбуналу, якое абвастрыла закон аб абортах, акцыі пратэсту праводзіліся ў больш як у 500 гарадах Польшчы. Ацэньваецца, што ў мінулую пятніцу, 30 кастрычніка, на вуліцы ўсёй краіне выйшлі больш за 800 тысяч чалавек.

Канстытуцыйны суд Польшчы 22 кастрычніка прызнаў антыканстытуцыйнымі палажэньні аб спыненьні цяжарнасьці пры цяжкіх заганах плода.