Суд Савецкага раёну аштрафаваў на 810 рублёў (30 базавых велічыняў) дырыгентку Галіну Казіміроўскую, жонку вядомага барда Зьмітра Вайцюшкевіча.
Аднак Зьміцер Вайцюшкевіч і адвакат ня ведаюць, ці вызваляць сёньня Галіну. «Едзем цяпер у Цэнтральны райсуд, там можа быць новы працэс», — сказала абаронца.
Зьміцер Вайцюшкевіч паведаміў Свабодзе, што Галіну затрымалі 29 кастрычніка. Увесь гэты час яна была ў ІЧУ на Акрэсьціна.
На Галіну Казіміроўскую склалі яшчэ адзін пратакол паводле артыкула 23.34.
А 17-й гадзіне стала вядома, што Галіну Казіміроўскую аштрафавалі яшчэ на 30 базавых велічынь, гэта 810 рублёў. Судзілі паводле артыкула 23.34, але па якім эпізодзе, засталося невядома. Не змагла гэта паведаміць і абаронца Галіны Казіміроўскай, спаслаўшыся на тое, што зь яе ўзялі падпіску аб неразгалошваньні. Аналягічную падпіску ўзялі і з Галіны Казіміроўскай.
Як праходзілі суды
«Учора ў ЦІП на Акрэсьціна мяне ня выпусьцілі, а перазатрымалі паводле пратаколу, складзенага міліцыянтамі з Цэнтральнага РУУС», — паведаміла празь відэасувязь Галіна. Яе судзілі ў Савецкім райсудзе за ўдзел у «Маршы народнага ўльтыматуму» 25 кастрычніка.
Галіна Казіміроўская больш за дзесяць гадоў кіруе аматарскім хорам Concordia, удзельнічала ў выданьні зборніка «Годныя песьні».
На працэсе ў Савецкім судзе над Галінай Казіміроўскай супраць яе сьведчыў міліцыянт Мікіта Бельскі з Савецкага РУУС. Між тым, паводле валянтэркі Сьвятланы Бярозкі, яна чула гэтае прозьвішча ў судах шмат разоў і лічыць, што гэта розныя людзі.
Мікіта Бельскі сьцьвярджаў, што не пазнаў Галіну Казіміроўскую, якую зьняў на відэа падчас маршу 25 кастрычніка, але патлумачыў гэта тым, што з таго часу было шмат затрыманьняў.
Галіна Казіміроўская не адмаўляла, што ў той дзень «гуляла па горадзе» і апынулася сярод удзельнікаў маршу.
«Я не пабаялася выйсьці на прагулку, бо маршы праходзяць ужо трэці месяц, што ж цяпер, не прагульвацца?» — адказала Галіна Казіміроўская.
Вядома, што яе затрымалі 29 кастрычніка ў Астрашыцкім Гарадку, але ў пратаколе напісана, што затрыманьне адбылося 30 кастрычніка на вуліцы Якуба Коласа ў Менску.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дырыгентка Казіміроўская застаецца на Акрэсьціна, справу накіравалі на дапрацоўку«Я выходзіла з крамы, як да мяне падышлі 4 супрацоўнікі ў цывільным, не назваліся, нічога не тлумачылі», — расказала пра затрыманьне Галіна Казіміроўская. Таксама яна паведаміла, што ў яе забралі тэлефон і пачалі яго вывучаць, «адпускаючы жартоўныя камэнты». Тэлефон Галіне Казіміроўскай не вярнулі і цяпер, бо паводле суду ён застанецца пад арыштам, пакуль ня будзе сплачаны штраф.
Другі працэс у Цэнтральным райсудзе Менску зрабілі закрытым.
«У мэтах бясьпекі ўдзельнікаў працэсу», — патлумачыла рашэньне судзьдзя Юлія Густыр.
«У мяне адной адабралі станік»
У судзе Галіна Казіміроўская паскардзілася на тое, што ў ЦІП на Акрэсьціна ў яе забралі станік на костачках, у адзінай жанчыны з камэры. «З 5-м нумарам, як у мяне, гэта нязручна», — сказала жанчына. На гэта судзьдзя Сяргей Шаціла адказаў, што станік ёй вернуць разам з асабістымі рэчамі паводле пастановы суду.
Абаронца Галіны Казіміроўскай настойвала, каб справу супраць яе закрылі. Віну яна ня лічыць даказанай, бо «доказы не пацьвердзіліся». Зьміцер Вайцюшкевіч сказаў, што «закон у Беларусі відавочна не працуе, і гэта зноў прадэманстравала гэтая справа».
У Зьмітра Вайцюшкевіча і Галіны Казіміроўскай двое непаўналетніх дзяцей.
«Яны ўжо не такія і малыя, 11 і 9 гадоў. Усё разумеюць. Чакаюць маму», — сказаў пасьля суду Зьміцер Вайцюшкевіч.