Аляксандар Лукашэнка даручыў ураду падрыхтаваць закон аб непрызнаньні замежных дыплёмаў. Такую заяву ён зрабіў 29 кастрычніка, калі камэнтаваў пратэсты ў беларускіх ВНУ. Але ці гэта магчыма?
Што кажа закон
Беларусь падпісала Лісабонскую канвэнцыю ў 2002 годзе. Гэты міжнародны дакумэнт абавязвае краін-удзельніц прызнаваць кваліфікацыі вышэйшай адукацыі. У Беларусі прызнаньне замежных дыплёмаў рэгулюе таксама пастанова Савету Міністраў ад 21 ліпеня 2011 году.
Паводле яе, чалавек, які мае замежны дыплём, мусіць зьвярнуцца ў Рэспубліканскі інстытут вышэйшай школы, і ягоны дыплём мусіць быць прызнаны ў Беларусі.
Беларусь уваходзіць у Балёнскі працэс, які таксама абавязвае прызнаваць замежныя дыплёмы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці могуць Беларусь выключыць з Балёнскага працэсу«Прызнаньне дыплёмаў бакаляўрыяту раней было складаным, але пасьля скарачэньня гадзінаў навучаньня ў Беларусі спрасьцілася. Магістарскія дыплёмы прызнаваліся, апроч складаных выпадкаў, калі праграмы зусім не суадносіліся. Яшчэ пытаньне, хто ня будзе прызнаваць дыплёмаў, на дзяржслужбе? Прыватны бізнэс будзе ігнараваць гэта», — мяркуе сябра Грамадзкага Балёнскага камітэту Ўладзімер Дунаеў.
Апроч міжнароднай канвэнцыі, Беларусь мае і міжурадавыя пагадненьні аб прызнаньні дыплёмаў. Пра гэта кажа Сяргей Альшэўскі, кіраўнік праекту «Народны падручнік».
«Існуюць пагадненьні і паміж урадамі аб прызнаньні дыплёмаў. Ёсьць пагадненьні паміж міністэрствамі. Дыплём любой краіны можна прызнаць праз Інстытут вышэйшай школы. Хачу паглядзець, як мы будзем парушаць міжурадавыя пагадненьні», — кажа Сяргей Альшэўскі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Школа строгага рэжыму: як дзеці перамагаюць сыстэмуМіжурадавыя пагадненьні аб прызнаньні кваліфікацый вышэйшай адукацыі Беларусь на сёньня мае з Польшчай, Украінай, Расеяй, Азэрбайджанам, Эквадорам, Туркмэністанам і шэрагам іншых краін.
То бок, каб адмовіцца прызнаваць замежныя дыплёмы, Беларусі давядзецца парушыць Пастанову Савету Міністраў Беларусі, міжнародную Лісабонскую канвэнцыю і правілы Балёнскага працэсу.
Ці проста прызнаць замежны дыплём
Праблемы з прызнаньнем замежнага дыплёму існавалі і раней. Аўтаматычна гэта не рабілася. Дыплём мусіў прызнаць Інстытут вышэйшай школы, куды трэба было накіроўваць дакумэнты.
«Міністэрства адукацыі яшчэ ў 2011 годзе абяцала ўвесьці дадатак да дыплёму эўрапейскага ўзору, але яго няма і цяпер, хоць гэтага патрабуе Балёнскі працэс. У нас працэдура прызнаньня працуе кепска, аўтаматычна яна не працуе. На дзяржслужбу з замежнымі дыплёмамі ў нас заўжды на працу кепска бралі», — тлумачыць Уладзімер Дунаеў.