На беларуска-ўкраінскай мяжы затрымалі «групу радыкальна настроеных асоб з анархісцкага руху», паведамляе Дзяржаўны памежны камітэт Беларусі ў сваім тэлеграм-канале.
Група была блякаваная і затрыманая 28 кастрычніка паблізу ўкраінскай мяжы ў раёне населенага пункта Забозьзе Ельскага раёну.
Паводле інфармацыі камітэту, у чацьвярых затрыманых выяўлена: дзьве адзінкі агнястрэльнай зброі з боепрыпасамі; баявая ручная граната; траўматычны пісталет і патроны да яго; халодная зброя і балёнчыкі зь пярцовым газам; форма і заплечнікі вайсковага ўзору; палаткі, сапёрная рыдлёўка, сякера, ліхтары; ноўтбукі і пляншэты, GPS-трэкеры, відэарэгістратары; фотакамэра, флэш-назапашвальнікі; SIM-карта ўкраінскага сотавага апэратара, сродкі радыёсувязі з гарнітурамі схаванага нашэньня; іншая спэцыяльная экіпіроўка і рыштунак, прадукты харчаваньня, банкаўскія карты і грашовыя сродкі ў розных валютах.
«Цяпер супольнай сьледча-апэратыўнай групай праводзіцца комплекс мерапрыемстваў, накіраваных на выяўленьне ўсіх абставінаў дзейнасьці затрыманых», — сказана ў паведамленьні.
Прозьвішчы затрыманых Памежны камітэт не называе. Мяркуючы з інфармацыі ў тэлеграм-каналах і сацсетках, гаворка можа ісьці пра анархіста і былога палітвязьня Ігара Аліневіча, а таксама Дзьмітрыя Разановіча, Сяргея Раманава і Дзьмітрыя Дубоўскага.
Паводле неафіцыйнай інфармацыі, анархістам прыпісваюць падпал аўтамабіляў каля пракуратуры і памяшканьня аддзелу Дзяржаўнага камітэту судовых экспэртыз у Салігорску, падпал будынку ДАІ ў Мазыры.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 4 страшылкі і 3 апраўданьні: прарыў мяжы, зброя, выбухоўка, «радыеактыўны самалёт»Праваабарончы цэнтар «Вясна» паведамляе, што цяпер усе затрыманыя ўтрымліваюцца ў СІЗА КДБ.
Дзьмітры Разановіч здолеў патэлефанаваць сваякам і паведаміць, што ім выстаўляюць абвінавачаньне паводле артыкулу 289 (акт тэрарызму) і артыкулу 295 (незаконны абарот зброі) Крымінальнага кодэксу.
Першапачаткова паведамлялася, што Ігар Аліневіч заяжджаў у Беларусь. Але выявілася, што яго затрымалі на выезьдзе з краіны, адзначаюць праваабаронцы.