Два дні ў жодзінскім гарадзкім судзе разглядалі справу 75-гадовай Іраіды Міско паводле фактаў яе ўдзелу ў «масавых мерапрыемствах». Шэсьць пратаколаў прадставілі ў суд міліцыянты, якія здымалі яе на відэа, па кожным праходзіў разбор.
Як піша выданьне Ex-Press.by, 75-гадовая кандыдатка сельскагаспадарчых навук Іраіда Міско, якая больш за 40 гадоў займалася навукай у НДІ земляробства і расьлінаводзтва НАН Беларусі, з дня прэзыдэнцкіх выбараў выказвае сваю грамадзянскую пазыцыю з упэўненасьцю, што такое права ёй гарантаванае Канстытуцыяй. Пра гэта яна казала на адным з папярэдніх паседжаньняў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Жодзіне за ўдзел у акцыі пратэсту будуць судзіць 75-гадовую кандыдатку навукГэтым разам супраць навукоўкі сьведчылі пяць людзей у пагонах: супрацоўнікі аддзяленьня аховы грамадзкага правапарадку Яўген Вайніловіч, намесьнік начальніка гэтага аддзяленьня Зоя Кукушкіна, начальнік інспэкцыі па справах непаўналетніх Дзьмітры Кракоўскі, а таксама Яўген Сямашка і Аляксандар Попчын.
На фатаздымку з доказавага арсэналу праваахоўнікаў Іраіда Васільеўна трымае ў руцэ пасьцілу бел-чырвона-белага колеру.
«Гэта так яна выказвае пратэст. Зэфіркай», — паведаміў суду капітан міліцыі Яўген Сямашка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дваім «суткі», дваім штраф. На Магілёўшчыне «разабраліся» з працаўнікамі за палітычны відэазваротГэтага «сьведчаньня» суду было дастаткова. Штраф парушальніцы закону аб масавых мерапрыемствах — 540 рублёў.
Сьледам у яе кватэру прыйшлі супрацоўнікі міліцыі, якія правялі агляд і забралі кампутар.