У ноч на 29 кастрычніка пры перасячэньні мяжы зь Беларусьсю памежнікі затрымалі былога палітвязьня і актывіста анархісцкага руху Ігара Аліневіча, піша Праваабарончы цэнтар «Вясна».
Ягоным бацькам пра гэта паведамілі з памежнага пераходу ў Ельску. Па словах спадарыні Валянціны, маці Ігара, яны з мужам доўга намагаліся даведацца пра яго далейшае месца знаходжаньня. Спачатку памежнікі казалі, што сына адправілі ў Каленкавічы, аднак у мясцовым аддзяленьні міліцыі ад камэнтароў устрымаліся. Толькі ў канцы ўчорашняга дня стала вядома, што ён нібыта ў Мазыры.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ад Аліневіча да Яроменка. Колькі палітвязьняў было ў Беларусі за 10 гадоўАб прычынах перасьледу невядома.
Ігар Аліневіч працяглы час жыў за мяжой і ў Беларусь амаль не прыяжджаў, хоць перажываў за падзеі, якія адбываюцца ў краіне.
Ён былы палітвязень. У 2010 годзе яго затрымалі невядомыя ў Маскве і вывезьлі ў Беларусь. Утрымліваўся ў СІЗА КДБ. Суд Заводзкага раёну Менска пакараў актывіста 8 гадамі пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму. Яго абвінавацілі паводле часткі 2 арт. 339 КК (хуліганства, учыненае групай асобаў) і частак 2 і 3 арт. 218 КК (пашкоджаньне маёмасьці агульнанебясьпечным спосабам і ў асабліва буйным памеры).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Супраць пяці актывістаў «Эўрапейскай Беларусі» завялі крымінальныя справыУ 2013 годзе за кнігу «Еду ў Магадан» Ігар Аліневіч стаў першым ляўрэатам прэміі Францішка Аляхновіча Беларускага ПЭН-цэнтру. А ў 2016-м уганараваны Нацыянальнай прэміяй за абарону правоў чалавека імя Віктара Івашкевіча ў намінацыі «За асабістую мужнасьць».