Магілёўскі раённы суд прызнаў грамадзкага актывіста Станіслава Паўлінковіча вінаватым у абразе судзьдзі падчас выкананьня ёю службовых абавязкаў.
Судзьдзя Максім Курпачэнка, які разглядаў крымінальную справу, падтрымаў пазыцыю дзяржаўнага абвінаваўцы. Паводле пракурора, віна актывіста пацьвярджаецца паказаньнямі пацярпелай судзьдзі Аксаны Ратнікавай, яе сакратаркі і супрацоўніка міліцыі. Ён зьвярнуў увагу на тое, што абвінавачаны не аднойчы прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасьці.
Нагодай для крымінальнага перасьледу Станіслава Паўлінковіча стаў інцыдэнт у Ленінскім судзе Магілёва 21 траўня. Судзьдзя Ратнікава тады пакарала актывіста 15 днямі арышту і штрафам 1215 рублёў. На разгляд тае справы Паўлінковіча прывезьлі з ізалятара, дзе ён адбываў 15-дзённае пакараньне за «кармленьне галубоў». Па агучваньні прысуду ён рэзка выказаўся, што стала падставай у далейшым для крымінальнага перасьледу актывіста паводле артыкулу 391 — «абраза судзьдзі або народнага засядацеля».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Магілёве затрымалі актывіста Паўлінковіча, на якога завялі крымінальную справу за «абразу судзьдзі»Лінгвістычная экспэртыза вызначыла, што выказваньні Паўлінковіча былі «ўжытыя для зьнявагі гонару і годнасьці» судзьдзі, а паводле вынікаў расьсьледаваньня, абвінавачаны агучыў іх падчас «ажыцьцяўленьня ёю правасудзьдзя».
Сваю віну актывіст прызнаў, рэакцыю на прысуд патлумачыў тым, што не стрымаў эмоцыяў. Паводле яго, ён ня меў намеру прыніжаць судзьдзю, а выказваньні былі адрасаваныя дзяржаўнай сыстэме, створанай Лукашэнкам, дзе «няма законаў, Канстытуцыі і справядлівага суду». У апошнім слове Паўлінковіч адзначыў, што ў «цывілізаванай краіне такія прэцэдэнты разглядаліся б у межах грамадзка-прававых адносінаў, а не крымінальным правам». Ён прасіў суд прызначыць яму мінімальны штраф.
«Абмежаваньне свабоды — занадта суворае пакараньне, — казаў ён. — У будучыні я абяцаю паводзіць сябе стрымана ў сваіх выказваньнях і эмоцыях».
Адвакат актывіста прасіла суд спыніць крымінальную справу супраць падабароннага, бо ў ягоных дзеяньнях няма складу злачынства. Паводле яе, аб прызначэньні «такога жорсткага пакараньня», як абмежаваньне волі, ня можа быць гаворкі, бо ў яго не было раней судзімасьцяў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Выкрыкваў „Жыве Беларусь“». У Магілёве пакаралі ўдзельніка мітынгу супраць інтэграцыі з Расеяй.Станіслаў Паўлінковіч застаецца пад падпіскай аб нявыезьдзе. Ён будзе абскарджваць прысуд. Калі яго пакінуць у сіле, то тэрмін адбыцьця пакараньня пачнецца ад таго моманту, як ён прыбудзе ў папраўчую ўстанову.
Паўлінковіч неаднойчы перасьледаваўся міліцыяй за ўдзел у пратэставых акцыях. Яго арыштоўвалі і штрафавалі. У 2017 годзе супраць яго заводзілі крымінальную справу за нібыта распаўсюд відэароліка парнаграфічнага зьместу. Справу спынілі з прычыны «адсутнасьці доказаў, якія сьведчаць аб датычнасьці Паўлінковіча да ўчыненага злачынства».