«Упершыню за ўвесь час захацелася зьехаць зь Беларусі. Гэта проста немагчыма. Паглядзіце на задаволеныя твары студэнтаў. Гэта ж БССР 2.0». Фэйсбук нагадаў мне перапошчаны два гады таму допіс блогера Ігара Лосіка.
Гэта яго рэакцыя на кароткае відэа БТ, на якім Аляксандар Лукашэнка, Натальля Качанава і маладыя людзі сьпяваюць савецкую песьню. «Жили бы страна родная, и нет других забот»...
Сустрэча прымеркаваная да 100-годзьдзя камсамолу. У той дзень адбывалася мэмарыяльная «Ноч расстраляных паэтаў» у Курапатах, але там гучалі зусім іншыя песьні.
Ня ведаю, ці так жа натхнёна сталі б сьпяваць цяпер Аляксандар Лукашэнка і Натальля Качанава, ці былі б у іх такія ж задаволеныя твары. Ня ведаю, ці грае і цяпер на піяніна Мікалай Лукашэнка, вучыцца ён у Маскве або застаўся з бацькам дома, каб лятаць разам на гелікоптэры, наведваць палітвязьняў у СІЗА КДБ, насіць бацьку раздрукаваныя мапы з пратэстаўцамі.
Але я ведаю дакладна, што адміністратар суполкі «РБ головного мозга» і фрылансер-кансультант Радыё Свабода блогер Ігар Лосік у турме. Ведаю, што ён больш за чатыры месцы ня бачыў жонкі і маленькай дачкі. Супраць яго завялі крымінальную справу з казённай фармулёўкай «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх». Ігар Лосік актыўна асьвятляў падзеі вакол сёлетніх выбараў прэзыдэнта. На ягоны канал «РБ головного мозга» падпісана больш за 400 тысяч чалавек. Паводле адваката, сьледчых дзеяньняў у яго справе практычна не вядзецца, зьняволеньне падоўжылі да Калядаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Бязь фітнэсу скінула шэсьць кіляграмаў». Як жыве сямʼя палітвязьня Ігара Лосіка. ВІДЭАІгару пішуць шмат лістоў. Сябры, калегі і незнаёмыя людзі такім чынам перадаюць яму сваю падтрымку. Я ведаю, што я напішу ў лісьце Ігару Лосіку. Я напішу, што ў 2020 годзе арганізаваць такое відэа было б немагчыма, што сьпявалі б з Аляксандрам Лукашэнкам сёлета Натальля Качанава, Мікалай і сілавікі, што ня сталі б сьпяваць зь ім любыя песьні студэнты, і нават сябры БРСМ. Цяпер іншыя твары і памкненьні. І калі Ігар выйдзе на свабоду, а гэта адбудзецца неўзабаве, у яго ня будзе настрою зьехаць зь Беларусі...
- Я не выключаю, што на гэтым відэа ёсьць маладыя людзі, якія цяпер страйкуюць; якіх пабілі, аштрафавалі, арыштавалі; якія пакінулі краіну. Калі вы сябе пазнаеце, напішыце мне, раскажыце, як зьмянілася ваша жыцьцё і погляды за два гады.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.