«Грамадзкім аб’яднаньням — ня ўмешвацца ў справы дзяржавы». Даведаліся пра некаторыя прапановы паправак у Канстытуцыю

Ілюстрацыйнае фота

Па дзяржаўных прадпрыемствах і арганізацыях прафсаюзы разаслалі плянаваныя «папраўкі ў Канстытуцыю». Мэта рассылкі — каб працоўныя калектывы азнаёміліся зь імі і «ўхвалілі».

Крыніца «Свабоды» перадала рэдакцыі прапановы прафсаюзаў, якія могуць зьмяніць Канстытуцыю.

Тэксты паправак былі разьмешчаныя на закрытых сайтах арганізацый і ўстаноў.

«Відавочна, кіраўніцтва потым дасьць справаздачу, што працоўныя калектывы азнаёміліся і ўсе гэта ўхвалілі», — лічыць крыніца Свабоды.

Зьмены тычацца артыкула 5 Канстытуцыі — пра дзейнасьць палітычных партый і абʼяднаньняў.

У папраўках да артыкула тлумачыцца, што неабходна ўстанавіць на ўзроўні Канстытуцыі прынцыпы неўмяшаньня дзяржавы ў справы грамадзкіх абʼяднаньняў, а тых — у справы дзяржавы. Таксама плянуецца забараніць фінансаваньне палітычных партый і прафсаюзаў замежнымі юрыдычнымі асобамі, грамадзянамі іншых дзяржаў, міжнароднымі арганізацыямі.

У прапановах пашыраны артыкул 21 Канстытуцыі. Цяпер ён гучыць так:

«Кожны мае права на годны ўзровень жыцьця, уключна з дастатковым харчаваньнем, адзеньнем, жытлом і сталым паляпшэньнем неабходных для гэтага ўмоў».

Прапануецца такая рэдакцыя:

«Кожны мае права на годны ўзровень жыцьця, уключна з дастатковым харчаваньнем, адзеньнем, жытлом і сталым паляпшэньнем неабходных для гэтага ўмоў. Дзяржава забясьпечвае стварэньне ўмоў для годнага ўзроўню жыцьця і свабоднага разьвіцьця чалавека».

Прафсаюзы хочуць карэкцыі для артыкула 39 Канстытуцыі, які гучыць цяпер так:

«Грамадзяне Рэспублікі Беларусь у адпаведнасьці са сваімі здольнасьцямі, прафэсійнай падрыхтоўкай маюць роўны доступ да любых пасад у дзяржаўных органах».

У гэты артыкул плянуецца дадаць: «... калі іншае не прадугледжана законам». «Маюцца на ўвазе абмежаваньні на тое, каб заняць асобныя пасады ў дзяржаўных органах па ўзросьце, наяўнасьці адукацыі, прыцягненьні да адміністрацыйнай ці крымінальнай адказнасьці».

У артыкуле 45 прапануецца замацаваць парадак атрыманьня платнай мэдычнай дапамогі.

Зьмены ў Канстытуцыі могуць тычыцца і артыкула 107 «Урад Рэспублікі Беларусь».

Артыкул хочуць дапоўніць так: «Урад забясьпечвае рэалізацыю прынцыпаў сацыяльнага партнэрства ў сацыяльна-працоўнай сфэры».