Берасьцейскі абласны суд адхіліў скаргу на ўтрыманьне пад вартай Марыны Глазавай, маладой настаўніцы, якую абвінавацілі ў арганізацыі ў Берасьці беспарадкаў з мэтай перашкодзіць транспарту ды завялі на яе крымінальную справу.
Дзяўчыне ўсяго 25 гадоў, яна выкладае ангельскую і польскую мовы ў прыватнай моўнай школе, захапляецца сучаснымі танцамі. 13 верасьня на акцыі пратэсту супраць фальшаваньня выбараў Марына Глазава ўдзельнічала ў карагодзе, які пратэстоўцы зладзілі на скрыжаваньні праспэкту Машэрава і бульвара Касманаўтаў. Тады ўпершыню ў горадзе сілавікі ўжылі супраць дэманстрантаў, якія танцавалі на праезнай частцы вуліцы, вадамёт. Пад моцныя струмені вады трапіла і Марына.
«Ад вады яна асабліва не пацярпела, закрыліся разам зь сяброўкай парасонам, потым высушыла вопратку. Але вось ад таго, што раней бачыла на вуліцах, у яе быў трывалы жах», — кажа маці дзяўчыны Аліса Селязьнёва.
«Разумееце, яна жыве на праспэкце Машэрава, каля яе дому такая „кішэня“, куды заўсёды міліцыя ставіць свае аўтазакі, літаральна пад яе вакном, — кажа маці. — Ад першых пратэстаў у жніўні яна гэта ўсё бачыла: як цягнуць людзей у аўтазак, як б’юць, зьдзекуюцца. Казала, які жах, як гэтак можна — і не вытрымлівала, сама далучалася да пратэстоўцаў. Столькі бачыла жахаў, але не збаялася, а наадварот, пайшла на абарону гэтых людзей. Але мірна, з далонямі, у якіх нічога няма. І карагод той, у які яна ўвайшла, якраз быў праявай такога закліку да мірнага дзеяньня», — кажа маці Марыны Глазавай.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 25-гадовая берасьцейка ў СІЗА ў «карагоднай справе». Яе прызналі палітзьняволенай«Арыштавалі паводле паказаньняў дзяўчыны з карагоду»
Для маці ўсё, што адбылася зь яе дачкой, стала шокам. Марыну арыштавалі дома праз 10 дзён пасьля Маршу, потым правялі ператрус, забралі ноўтбук. У выніку ёй выставілі абвінавачаньне паводле 342 артыкула Крымінальнага кодэксу — арганізацыя ці актыўны ўдзел у масавых беспарадках.
«Нібыта на яе паказала адна дзяўчына з таго карагоду. Але ж гэта быў абсалютна мірны пратэст, яны ж танцавалі, там жа ніхто не пацярпеў!» — зьдзіўляецца Аліса Селязьнёва.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Поўнае беззаконьне сілавікоў». Нэйрахірург зь Берасьця расказаў пра ноч у ізалятарыУжо больш за месяц Марыну Глазаву трымаюць за кратамі. Спачатку ў ізалятары часовага ўтрыманьня, цяпер у СІЗА. Пра ўмовы ўтрыманьня Марыны маці кажа, што дачка на іх ня скардзіцца, а вось за здароўе і маральны стан дачкі вельмі непакоіцца.
«У яе ёсьць хваробы, якія абвастрыліся, ёсьць і тое, што зьявілася там. Сукамэрніцы кураць, у яе ад дыму баляць вочы — чытаць ня можа. Маральна часам у дрэнным стане — гэта ж вялікае выпрабаваньне для маладой дзяўчыны, што пагражае зьняволеньне на некалькі гадоў, гэта ж каго хочаш засмуціць», — кажа маці Марыны.
Сьледчых дзеяньняў няма месяц, дык чаго трымаюць?
Ці прызнае дачка сваю віну, Алісе невядома. Кажа, што пэўна даведаецца на судзе, а пакуль гэта «таямніца сьледзтва». Мяркуе, што ў лістах дачка спрабавала ёй нешта патлумачыць і расказаць, але не ўдалося.
«Некаторыя лісты не даходзяць. Прыкладам, яна піша, што гэта пяты ліст, а я атрымала толькі чатыры. Значыць, не прапусьцілі чамусьці. Але ад адваката дакладна ведаю, што ўжо месяц, як зь ёй няма ніякіх сьледчых дзеяньняў — дык чаго яе трымаюць? Хіба нельга адправіць хаця б пад хатні арышт? Не разумею», — кажа маці Марыны Глазавай.
Бацька: «Яе самаацэнка толькі падвысілася»
Бацька дзяўчыны Ўладзімер Глазаў тлумачыць, чаму арыштавалі менавіта Марыну.
«Стаўленьне да інтэлігенцыі, — кажа ён. — Ведаеце, як у 1917 годзе падзялілі людзей на сацыяльна блізкіх і ворагаў, гэтак і цяпер падзел застаўся. Дачка выразна супраць гвалту, за мірнае вырашэньне, яна для гэтых людзей не сацыяльна блізкая».
Уладзімер Глазаў усьцешаны бадзёрым тонам апошняга ліста, атрыманага ім ад дачкі.
«Як дачку перакідалі з камэры ў камэру, было інакш, нэрвавалася. А цяпер, відаць, прызвычаілася, нават жартуе, што зэкаўскую мову засвойвае. Але ня толькі ў гэтым справа. Хіба мы тут, на волі, самі не як у турме? Асабліва ў першыя дні ледзь ня штодня хапаесься за галаву з думкамі, што далей, як быць? Калі гэта скончыцца? А потым прыходзіць разуменьне, што канец будзе. Мяркую, яе самаацэнка там толькі падвысілася, і гэта для яе вельмі важна», — кажа бацька Марыны Глазавай Уладзімер Глазаў.