Суд у Беларусі адпусьціў з папярэджаньнем кіраўніцу інтэрнэт-праектаў Прэзыдэнцкага цэнтру Б. Н. Ельцына («Ельцын-цэнтар») Марыну Пятрушку, паведамілі ТАСС у сераду ў прэс-службе цэнтру.
«Марыну Пятрушку адпусьцілі. З папярэджаньнем», — сказалі ў прэс-службе.
Марыну Пятрушку затрымалі супрацоўнікі міліцыі на мінулым тыдні ў Баранавічах. Яе вінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаванай акцыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі затрымалі супрацоўніцу расейскага «Ельцын-цэнтру» Марыну ПятрушкуПятрушка родам з Баранавічаў. Яна прыехала туды наведаць маці, якая хварэе і перанесла інсульт. Пятрушку зьмясьцілі ў ізалятар часовага ўтрыманьня мясцовага РАУС. Яна паведаміла, што там вельмі холадна, бо няма ацяпленьня.
«Ельцын-цэнтар» быў адкрыты ў 2015 годзе ў Екацерынбургу. Яго галоўны аб’ект — музэй першага прэзыдэнта Расеі Барыса Ельцына, прысьвечаны асобе палітыка і сучаснай палітычнай гісторыі Расеі. На пляцоўках цэнтру праводзяцца лекцыі, выставы, паказы дакумэнтальнага кіно і іншыя грамадзкія падзеі.