26 кастрычніка да ўсебеларускай забастоўкі далучыліся шэсьць супрацоўнікаў упраўленьня прамыслова-геадэзічных работ «Беларусьнафты». Яны запісалі відэазварот, а ўвечары даведаліся, што іх звольнілі.
Your browser doesn’t support HTML5
«Ніякага загаду, дакумэнтаў ці працоўных кніжак у нас пакуль няма на руках. Вечарам нам прыйшлі грошы на карткі. Мы думалі — разьлік. Але гэта была прэмія. Сёньня сказалі, што і разьлік нам пералічаць», — расказаў Свабодзе Сяргей Палякоў.
Ён працуе начальнікам партыі прамысловай геафізыкі, як і ягоны калега Андрэй Коваль. Таксама ў роліку выступаюць супраць гвалту і ў падтрымку страйку інжынэр Уладзімер Кайлеў, тры машыністы — Андрэй Кандраценка, Андрэй Шульжанок і Максім Сапончык.
Як звальнялі і што казала кіраўніцтва
Сяргей Палякоў кажа, што адзін з тых, хто браў удзел у запісе відэа, афіцыйна ў адпачынку. Сам жа ён 26 кастрычніка меў выходны.
«Але атрымалася такая рэч. У нас ёсьць графікі працы. Выходныя ў нас не абавязкова ў суботу і нядзелю, а і па буднях. Учора, пасьля таго як ролік трапіў у інтэрнэт, да нас прыехала кіраўніцтва з Гомля — шэсьць чалавек: намесьнікі генэральнага па ідэалёгіі, па працоўных рэсурсах, юрыст і іншыя. Аказалася, „лёгкім узмахам рукі“, графікі нейкім чынам перапісалі і ўчора ў мяне аказаўся працоўны дзень, а не выходны. Больш за тое — на нас зьявіліся тры заяўкі на працу, і нам кіраўніцтва заявіла: „Пойдзеце працаваць ці адмаўляецеся?“. Мы адмовіліся. Нас выклікалі на гутаркі паасобку, спрабавалі так на нас націснуць. Нашы калегі сабраліся, каб нас падтрымаць», — расказаў начальнік партыі.
Ён лічыць, што кіраўніцтва дзейнічае незаконна, калі звальняе супрацоўнікаў за іх грамадзянскую пазыцыю. «Нам тлумачаць, што мы ня можам удзельнічаць у страйку з палітычных прычын, а можам страйкаваць толькі з эканамічных прычын, але гэта ня так!», — упэўнены Сяргей Палякоў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Страйкі і пратэсты. Што адбываецца на другі дзень пасьля ўльтыматуму Ціханоўскай
З чаго ўсё пачалося?
Нафтавік кажа, што ён з калегамі яшчэ са жніўня быў не задаволены сытуацыяй у краіне, гвалтам, затрыманьнямі. Яны хадзілі на «ланцугі салідарнасьці», якія праходзілі ў Рэчыцы.
12 жніўня жыхароў Рэчыцы разагнала міліцыя — на ўдзельнікаў акцыі кінуліся з дубінкамі, людзі пачалі разьбягацца.
«Я пра гэта расказаў у сваім Instagram. Мяне выклікала кіраўніцтва — цікавілася, зь якой мэтай я гэта раблю. Начальства казала, што такімі пастамі я псую рэпутацыю „Беларусьнафты“. Я працягваў хадзіць на акцыі. У гэтую нядзелю мы зь сябрамі ехалі ў Менск, на марш. Нас спыніла ДАІ. Я думаю, мэтанакіравана. Мне заявілі супрацоўнікі ДАІ, што па вонкавых прыкметах я ўжываў наркотыкі. Завезьлі ў РАУС, потым у шпіталь, правяралі. Я пасьля сам з сваёй ініцыятывы зьезьдзіў у Гомель, каб здаць аналізы ў прыватнай клініцы. Ці мала што. Потым напішуць, што я наркаман. Натуральна, нічога ў мяне не знайшлі. На марш мы ня трапілі», — расказаў начальнік партыі прамысловай геафізыкі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Першы дзень агульнанацыянальнага страйку, жорсткі разгон вечаровага пратэсту ў Менску. Найважнейшае за 26 кастрычнікаШто цяпер зь імі будзе?
Сяргей Палякоў кажа, што ён з калегамі сваімі дзеяньнямі «разварушылі палкай вулей».
«Ведаю, што кіраўніцтва вельмі не задаволена. З намі размаўлялі ну проста „зь пенай ля рота“. Нас папікалі, што мы маем добры заробак і сацыяльны пакет (гэта сапраўды так): „Ну чаго вам не хапае?“. Але ня ўсё ў сьвеце вымяраецца грашамі. Сумленьне даражэйшае, грошы ня вартыя таго, каб забыць пра гвалт, забойствы, катаваньні людзей. Ідэалы і праўда даражэйшыя, чым добры заробак».
Ён кажа, што ўдзельнікі відэазвароту былі «маральна гатовыя да звальненьня».
«Цяпер, калі мы запісалі ролік і сказалі праўду, нам стала нашмат лягчэй. Мы хочам данесьці да людзей, што, калі гаворыш праўду, табе робіцца лягчэй і лепей! Мы ўсе прафэсіяналы сваёй справы, маем добрую прафэсію. Ня думаю, што мы ня знойдзем працы. Тым больш цяпер няма недахопу ў салідарнасьці — у нас зьявілася шмат новых знаёмстваў, процьма людзей тэлефанавалі нам, падтрымліваі нас — юрыдычна, маральна. Я ўпэўнены, што мы ідзём у правільным кірунку», — дадаў Сяргей.