Літва ня будзе купляць электраэнэргію зь Беларусі пасьля энэргетычнага пуску Беларускай АЭС, якая знаходзіцца каля літоўскай мяжы і за 50 кілямэтраў ад Вільні. Пра гэта сёньня паведаміў журналістам выканаўца абавязкаў генэральнага дырэктара кампаніі — апэратара электрасетак Літвы Litgrid Відмантас Грушас.
«Мы атрымалі паведамленьне беларускага боку пра ўключэньне станцыі ў электраэнэргетычную сетку, якое заплянаванае ў пэрыяд ад 1 да 10 лістапада», — заявіў ён. Адначасова з гэтым, паводле Грушаса, пропуск электраэнэргіі зь Беларусі празь літоўскія сеткі стане роўным нулю.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жыхары Вільні атрымаюць бясплатныя прэпараты ёду на выпадак аварыі на Беларускай АЭС«Мы загадзя паведамілі пра гэта ўдзельнікам энэргетычнага рынку», — сказаў ён.
Як раней адзначала ведамства, ліцэнзіі на імпарт электраэнэргіі зь Беларусі будуць скасаваныя.
Літва сьцьвярджае, што праект БелАЭС ажыцьцяўляўся з парушэньнямі міжнародных патрабаваньняў у сфэры ядзернай энэргетыкі. Парлямэнт Літвы абвясьціў станцыю пагрозай нацыянальнай бясьпецы, а таксама заканадаўча забараніў куплю і экспартны пропуск яе электраэнэргіі праз свае электрасеткі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: БелАЭС атрымала дазвол на энэргапуск першага блёку. Перад тым пройдуць грамадзкія слуханьніФізычны запуск станцыі — загрузка ядзернага паліва ў першы рэактар — пачаўся на БелАЭС 7 жніўня. У сувязі з гэтым МЗС Літвы накіраваў Менску ноту пратэсту, у якой сьцьвярджалася, што дзеяньні Беларусі парушаюць прынцыпы адкрытасьці, празрыстасьці і добрасуседзтва, а дзейнасьць АЭС з прычыны блізкасьці да Вільні і нявырашаных праблем ядзернай бясьпекі стварае непасрэдную пагрозу для нацыянальнай бясьпекі Літвы, навакольнага асяродзьдзя і насельніцтва.
У Беларусі заяўляюць, што прэтэнзіі Вільні ляжаць у палітычнай плашчыні. У Менску неаднойчы заяўлялі, што бясьпека станцыі будзе гарантаваная ў адпаведнасьці з самымі высокімі стандартамі.