Віленчукі з аўторка змогуць атрымаць у аптэках бясплатна таблеткі ёдыду калію, паведамілі гарадзкія ўлады.
Як паведамляе Delfi, прэпарат для абароны шчытавіцы залозы ў выпадку аварыі на атамнай станцыі жыхары Вільні змогуць атрымаць у некалькіх аптэчных сетках, паказаўшы асабісты дакумэнт. Таблеткі ёду будуць выдаваць усім, хто мае пацьверджаньне, што жыве ў Вільні.
11 кастрычніка ў рэактары першага энэргаблёку Беларускай атамнай электрастанцыі запусьцілі кіраваную ланцуговую рэакцыю дзяленьня, паведаміла Міністэрства энэргетыкі ў сваім тэлеграм-канале.
Рэактар вывелі на мінімальна кантраляваны ўзровень магутнасьці. Такім чынам паклалі пачатак жыцьцёваму цыклю рэактару.
Наступным этапам мае стаць запуск першага энэргаблёку АЭС з уключэньнем у энэргетычную сыстэму краіны. Раней урад Беларусі перанёс тэрмін поўнага ўводу БелАЭС з 2020 на 2022 год
Беларускую АЭС з двума рэактарамі ВВЭР-1200 сумарнай магутнасьцю 2400 мэгаватаў будуюць паводле расейскага праекту каля Астраўца на Горадзеншчыне. Генэральны падраднік будоўлі — расейская кампанія «Росатом».