Былы прэзыдэнт Кіргізстану Алмазбек Атамбаеў, якога зноў затрымалі пасьля вызваленьня з турмы пратэстоўцамі, абвясьціў галадоўку ў СІЗА.
Пра гэта паведамляе кіргіская служба Радыё Свабода — Радыё Азатык са спасылкай на яго адваката Заміра Джаошава.
Па словах Джаошава, палітыка трымаюць у СІЗА ў падвальным памяшканьні, дзе раней утрымлівалі асуджаных на сьмяротнае пакараньне (яго ў краіне канчаткова адмянілі ў 2007 годзе). Паводле адваката, у камэры кепскія ўмовы ўтрыманьня, а ў Атамбаева дрэнны стан здароўя.
Атамбаеў быў прэзыдэнтам у 2011–2017 гадах. У жніўні 2019 году яго дом штурмаваў спэцназ МУС, ён быў затрыманы. У ліпені яго асудзілі на 11 гадоў пазбаўленьня волі па справе аб карупцыі. У ноч на 6 кастрычніка падчас масавых пратэстаў у цэнтры Бішкеку яго вызвалілі пратэстоўцы, якія ўварваліся ў СІЗА Дзяржкамітэту нацыянальнай бясьпекі. Празь некалькі дзён зноў затрымалі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Кіргізстане прызначылі новыя прэзыдэнцкія выбары. ЦВК пад сьледзтвам за парушэньніПасьля пратэстаў у адстаўку сышоў дзейны прэзыдэнт Сааранбай Джээнбекаў. Яго месца заняў прэм’ер-міністар Садыр Джапараў, вызвалены прыхільнікамі адначасова з Атамбаевым.