Пуцін заявіў пра гатоўнасьць не разьмяшчаць у Эўропе ракеты 9М729

Расейская ракета 9M729

Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра гатоўнасьць Расеі адмовіцца ад разгортваньня на эўрапейскай частцы сваёй тэрыторыі ракет 9М729, парамэтры якіх, як лічаць Злучаныя Штаты і іх саюзьнікі, парушаюць дамову аб ракетах сярэдняй і меншай далёкасьці, якая дзейнічала паміж ЗША і Расеяй.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пуцін: Расея мае супэрзброю. Трамп: расейцы скралі яе ў ЗША

Заява Пуціна апублікаваная на сайце Крамля. У ёй падкрэсьліваецца, што Расея адмовіцца ад разьмяшчэньня ракет толькі ў выпадку, калі эўрапейскія краіны NATO ня будуць разьмяшчаць на сваёй тэрыторыі ракеты сярэдняй і меншай далёкасьці. Пры гэтым Пуцін сьцьвярджае, што Расея настойвае на тым, што распрацоўка ракеты 9М729 не парушала дамову.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Генсакратар NATO анансаваў захады для абароны ад расейскіх ракет

Менавіта ракета 9М729 стала галоўнай прычынай выхаду ЗША з дамовы пра ракеты сярэдняй і меншай далёкасьці ў 2019 годзе. Расея таксама выйшла з гэтай дамовы, і яна спыніла дзеяньне. Краіны NATO заяўлялі, што пакуль ня будуць разьмяшчаць раней забароненыя ракеты ў Эўропе. У заяве Пуціна гаворыцца, што Расея будзе прытрымлівацца мараторыю на іх разьмяшчэньне — «пакуль у адпаведных рэгіёнах ня зьявяцца ракетныя ўзбраеньні аналягічных клясаў амэрыканскай вытворчасьці».