У Менску сілавікі ўжылі сьвятлашумавыя гранаты і гумовыя кулі супраць мірных удзельнікаў маршу «Народны ўльтыматум». Гэта адбылося ўжо пры канцы акцыі на вуліцы Арлоўскай у Менску.
У МУС заявілі, што спэцсродкі ўжылі пасьля таго, як пратэстоўцы паспрабавалі нападаць на супрацоўнікаў праваахоўных органаў, аднак гэтую інфармацыю абвяргаюць відэакадры з месца падзеі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Менску міліцыя ўжыла супраць пратэстоўцаў сьвятлашумавыя гранаты і гумовыя кулі. Ёсьць пацярпелыя. ВІДЭАГэта быў ужо адзінаццаты марш прыхільнікаў перамен пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 9 жніўня. Паводле ацэнак журналістаў, якія пастаянна асьвятляюць нядзельныя акцыі, ён стаў самым шматлікім за апошнія паўтара месяца — у пікавыя моманты колькасьць дэманстрантаў набліжалася да 200 тысяч, адзначае БелаПАН.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Колькасьць дэманстрантаў у Менску ацэньваюць ад «дзясяткаў тысяч» да «як мінімум 100 тысяч»Акрамя таго, гэта быў адзін з самых «гучных» маршаў: многія яго ўдзельнікі прыйшлі са сьвісткамі і «гудзелкамі», мэталічным посудам, плястыкавымі бутэлькамі, у якіх зьвінелі розныя прадметы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Марш «Народны ўльтыматум» у Менску. Шмат фотаМарш называўся «Народны ўльтыматум» у сувязі з ультыматумам, які выставіла 13 кастрычніка беларускім уладам экс-кандыдат у прэзыдэнты Сьвятлана Ціханоўская. Асноўныя патрабаваньні — адстаўка Аляксандра Лукашэнкі, спыненьне гвалту і вызваленьне палітвязьняў. Калі да 25 кастрычніка гэтыя патрабаваньні не будуць выкананыя, «уся краіна мірна выйдзе на вуліцы з Народным ультыматумам», а 26 кастрычніка «пачнецца нацыянальная забастоўка ўсіх прадпрыемстваў, блякаваньне ўсіх дарог, абвал продажу ў дзяржаўных крамах», заявіла Ціханоўская.
У розных гарадах Беларусі затрымалі больш за 200 чалавек.
Праваабаронцы «Вясны» зафіксавалі затрыманьні ў Менску, Берасьці, Віцебску, Гомлі, Горадні, Магілёве, Бабруйску, Барысаве, Жабінцы, Жодзіне, Лідзе, Ляхавічах, Наваполацку, Пінску, Рэчыцы.