У Магілёве праўладны аўтапрабег «За адзіную Беларусь» заблякаваў транспартны рух у цэнтры гораду

Паводле мясцовых аўтамабілістаў, ім давялося падоўгу стаяць у заторах на вуліцах, якімі ехалі ўдзельнікі акцыі ў падтрымку Аляксандра Лукашэнкі.

У калёне было каля сотні машын зь дзяржаўнай сымболікай. Значная іх частка была з нумарамі сталічнага рэгіёну, адкуль выправіўся ў Магілёў аўтапрабег. Канцавым яго пунктам быў мясцовы мэмарыял «Буйніцкае поле».

Палітычная аздоба машыны ўдзельніка праўладнага аўтапрабегу

Аўтапрабег у падтрымку Лукашэнкі

На плошчы Славы (гістарычны цэнтар гораду) адбыўся мітынг. На яго сабраліся пару соцень чалавек зь дзяржаўнымі сьцягамі, а таксама сымболікай праўладных арганізацыяў. Па сканчэньні мітынгу мясцовыя ўдзельнікі пачалі разьяжджацца, не дачакаўшыся завяршэньня аўтапрабегу.

Мітынг удзельнікаў аўтапрабегу на плошчы Славы

Намесьніца старшыні гарвыканкаму Ала Галушка мерапрыемства і ягоных удзельнікаў назвала «благословенными». Паводле яе, на плошчы сабраліся тыя хто «ня хоча кепскіх пераменаў», а выступае «за паступовыя, якія кожны робіць на сваім працоўным месцы і ў сваім доме».

Адкрыцьця мітынгу ўдзельнікі чакалі пад дажджом

Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.