Падчас сустрэчы са студэнтамі і супрацоўнікамі БДУІР генэральны пракурор Андрэй Швед сказаў, што ва ўнівэрсытэт нельга прыходзіць зь бел-чырвона-белай сымболікай, і патлумачыў, чаму, піша sb.by.
«Законам яна не забароненая. Але сёньня суадносіцца з пратэстнымі дзеяньнямі, а пры пэўных умовах спалучаная з супрацьпраўнымі дзеяньнямі. Пазначаючы сябе зь яе дапамогай і зьбіраючыся групамі ў пэўным месцы, вы ствараеце перадумову парушэньня закону», — заявіў Андрэй Швед.
Ён нагадаў, што ва ўстановах адукацыі нельга ствараць палітычных партыяў і іншых грамадзкіх аб’яднаньняў, якія маюць палітычныя мэты.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Сыход зьвязаны з падзеямі лета і восені». З Генэральнай пракуратуры звольніліся высокапастаўленыя службоўцы«Ці можна прыходзіць зь бел-чырвона-белай сымболікай ва ўнівэрсытэт? Не. Зьбірацца пад ёй? Не. Гэта элемэнты правапарушэньняў», — сказаў генэральны пракурор.
Таксама падчас сустрэчы, сярод іншага, Андрэй Швед паведаміў, што на сёньня толькі па фактах масавых беспарадкаў у Беларусі завялі ўжо каля 500 крымінальных справаў, больш за 40 ужо накіравалі ў суд.