За апошні час з Генэральнай пракуратуры звольніліся адразу некалькі высокапастаўленых працаўнікоў.
Прычынай — нязгода з тым, якую пазыцыю заняло ведамства ў адносінах да грамадзянаў, якіх перасьледуюць за выказваньне думкі, у тым ліку да пацярпелых ад сілавікоў. У сьледчыя органы паступіла больш за 1800 заяваў аб катаваньнях, аднак невядома ні пра адну крымінальную справу па іх.
Так, стала вядома, што сышоў з Генэральнай пракуратуры аўтарытэтны пракурор, начальнік аддзелу дзяржаўнага абвінавачаньня Эльдар Сафараў.
«Так, мой сыход зьвязаны з падзеямі лета і восені. Але ў сыстэме застаюцца шмат выдатных людзей, і кіраўнікоў, і падначаленых, таму гэтым абмяжуюся — не хачу супрацьпастаўляць сябе ім, не хачу, каб хоць адно слова было выкарыстана супраць іх», — пракамэнтаваў ён сваё рашэньне «Нашай Ніве».
Як стала вядома парталу Tut.by, са службы звольніўся і Алег Талерчык, які 19 гадоў працаваў у пракуратуры, апошнія 9 — у Генэральнай, ён быў старшым пракурорам упраўленьня нагляду за выкананьнем заканадаўства Сьледчым камітэтам. Да 20-гадовага стажу дзяржаўнага службоўца, які дае права на павышаную пэнсію, заставалася крыху больш за год.
«Гэта быў ўнутраны экзамэн для самога сябе, — растлумачыў суразмоўца. — Я вырашыў расказаць аб сваім рашэньні, каб сымбалічна падтрымаць адважных беларусаў, якія пацярпелі ад рэпрэсіў. Як прафэсіянал у гэтай сытуацыі я ім дапамагчы, на жаль, ня змог».
Паводле інфармацыі Tut.by, за апошні месяц службу пакінулі шэраг начальнікаў аддзелаў і намесьнікі начальнікаў упраўленьняў. Знайсьці юрыстаў такой кваліфікацыі на замену няпроста.