Прадстаўнікі Беларускага фонду культурнай салідарнасьці зьвярнуліся да ўсіх, хто працуе ў сфэры культуры, хто меў забарону на выступы, каго выкрэсьлівалі са школьных праграмаў і падручнікаў.
«Сёньня мы ўсе разам — нельга больш абыякава ставіцца да таго, што зараз адбываецца ў Беларусі, — гаворыцца ў адмысловай заяве. — У краіне ня дзейнічае закон. Беларусаў катуюць і забіваюць. Рэжым канчаткова ператварыўся ў антынародную крымінальную хэўру. Рабіць выгляд, што так і трэба — ганебна. Мы мусім сказаць сваё слова і выступіць адзіным фронтам».
Фонд заклікае ўсіх дзеячоў культуры падтрымаць патрабаваньні «народнага ўльтыматуму», а ў выпадку яго невыкананьня далучыцца да агульнанацыянальнага страйку. Для людзей культуры гэта азначае:
- поўнае спыненьне дзейнасьці ў межах культурных установаў: не даём канцэртаў, ня граем спэктакляў, не выстаўляем працаў.
- гледачам адмовіцца ад наведваньня культурных установаў, пачынаючы з 26 кастрычніка
- незалежным творцам цалкам спыніць актыўнасьць у клюбах і на карпарацыйных імпрэзах
- прамоўтэрам устрымацца ад арганізацыі падзеяў.
«Пры гэтым мы не заклікаем музыкаў ня граць, актораў не выступаць, мастакоў не маляваць, а паэтаў не чытаць свае вершы. Кожны можа падтрымаць акцыі салідарнасьці ў раёнах. Выступіць у падтрымку лекараў, настаўнікаў, шахтароў. Усіх тых, хто проста цяпер будуе новую Беларусь», — адзначаецца ў звароце.
Беларускі фонд культурнай салідарнасьці абяцае зрабіць усё, каб падтрымаць тых, хто звольнены за выказваньне пазыцыі і трапіў у цяжкую жыцьцёвую сытуацыю.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Улады падсоўваюць „майдан“, каб зьняць зь сябе адказнасьць». Акторка Сьвятлана Цімохіна пра беларускія выбарыДапамогу ўжо атрымалі першыя пацярпелыя за погляды. Сярод іх народная артыстка Беларусі Зоя Белахвосьцік, дырыжор ансамблю «Харошкі» Іван Ерамеевіч, пісьменьнік Уладзімер Садоўскі, сьпявачка Валерыя Валадзько, тэлевядоўца Кацярына Пытлева ды іншыя творцы, якія не збаяліся помсты рэжыму.
Калегаў за мяжой фонд заклікае ў гэтыя дні ладзіць акцыі салідарнасьці і тым самым падтрымаць беларусаў маральна і фінансава.