Пасьля таго як улады прызналі адзін з буйных Telegram-каналаў «экстрэмісцкім», многія карыстальнікі пачалі казаць пра магчымае блякаваньне сэрвісу. Разьбіраемся, ці гэта магчыма.
Разам з Telegram могуць заблякаваць шмат іншых сэрвісаў
Раней Telegram спрабавалі заблякаваць у Расеі, але гэта не ўдалося. Падчас тэсту былі заблякаваныя некаторыя дзяржаўныя сайты, бо Telegram «зьвязаны з многімі іншымі сэрвісамі».
Пра гэта кажа Міхаіл Дарашэвіч, выканаўчы дырэктар арганізацыі Baltic Internet Policy Initiative, якая займаецца лічбавымі мэдыя.
«Гэта плятформа, зьвязаная зь іншымі сэрвісамі, таму падчас яе блякаваньня яны таксама блякуюцца. Гэта, сярод іншага, сэрвісы абнаўленьня сыстэмаў Аndroid і іOS. У выніку падчас такога блякаваньня могуць пацярпець і самі дзяржаўныя органы», — кажа Міхаіл Дарашэвіч.
Немагчыма і заблякаваць нейкі адзін канал у Telegram без блякаваньня ўсяго сэрвісу.
Вэб-вэрсію Telegram можна заблякаваць, але яна будзе даступная праз VPN
На стацыянарных кампутарах многія карыстаюцца Telegram праз вэб-версію, якую тэарэтычна можна заблякаваць, мяркуе Міхаіл Дарашэвіч. Але такое блякаваньне можна абыходзіць.
«Як паказаў жнівень, Беларусь выкарыстаньнем VPN абыходзіць Іран. Людзі ўсё адно здабываюць доступ да інфармацыі. Калі ў студзені аўдыторыя ад 15 да 74 гадоў, якая выкарыстоўвала вэб-вэрсію Telegram, складала 260 тысяч, то ў жніўні іх было 600 тысяч, а ў верасьні 500 тысяч», — прыводзіць прыклад Міхаіл Дарашэвіч.
Такім чынам, заблякаваць цалкам Telegram не атрымаецца: блякіроўку вэб-версіі можна абыйсьці праз VPN і ананімайзэры, а заблякаваць прыкладаньне, якім большасьць беларусаў карыстаюцца праз смартфоны і стацыянарныя кампутары, немагчыма.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як трапіць на заблякаваны сайт і што такое VPN. Крок за крокамУ жніўні ўлады Беларусі на тры дні адключылі інтэрнэт, але аўдыторыя вэб-вэрсіі Telegram вырасла, бо людзі карысталіся спосабамі абыходу блякаваньня.
Блякаваньне СМІ прывяло да росту аўдыторыі Telegram
Пасьля выбараў у Беларусі ўлады заблякавалі шэраг інтэрнэт-рэсурсаў («Радыё Свабода», «Наша Ніва», «Эўрарадыё» ды іншыя), таму вырасла аўдыторыя Telegram, мяркуе Міхаіл Дарашэвіч.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Свабода без цэнзуры: усталюйце нашу мабільную праграму!«Telegram стаў крыніцай хуткага атрыманьня інфармацыі. Калі блякуюцца навіновыя рэсурсы, парушаецца прынцып іх існаваньня, бо мэдыя існуюць на грунце рэклямы ці падпіскі. Калі рэсурсы блякуюцца, то мэдыя ня могуць выкарыстоўваць рэклямную мадэль. Рэклямная індустрыя — гэта ж грошы ня толькі для незалежных СМІ, але і для дзяржаўных. Таму грошы проста сыходзяць з краіны», — кажа Міхаіл Дарашэвіч.
Пры гэтым з жніўня беларуская аўдыторыя расейскіх СМІ ня вырасла. Яна складае каля 1,4 мільёна чалавек.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Праваабаронцы патлумачылі, што ня так з унясеньнем NEXTA ў сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў