22 кастрычніка на 96-м годзе жыцьця памёр Віктар Швэд, найстарэйшы зь беларускіх пісьменьнікаў у Польшчы.
Пра гэта паведаміла Беларускае гістарычнае таварыства на сваім профілі ў фэйсбуку.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як Віктар Швэд з Мора ў горад ехаўВіктар Швэд нарадзіўся 23 сакавіка 1925 году ў сям’і праваслаўных сялянаў у вёсцы Мора (сёньня ў Гайнаўскім павеце Падляскага ваяводзтва). Закончыў Беларускі ліцэй у Бельску (1946) і Акадэмію палітычных навук у Варшаве (1951), аддзяленьне журналістыкі (1955) і аддзяленьне беларускай філялёгіі (1969) Варшаўскага ўнівэрсытэту. Працаваў журналістам у беластоцкай «Ніве», рэдактарам у выдавецтве «Książka i wiedza» ў Варшаве (1960–1988).
Швэд дэбютаваў на старонках «Нівы» ў 1957 годзе, быў заснавальнікам Беларускага літаратурнага аб’яднаньня «Белавежа» ў 1958 годзе ў Беластоку. Пісаў на беларускай і польскай мовах. Вядомы перад усім як беларускамоўны паэт, у тым ліку як аўтар вельмі папулярных на Падляшшы вершаў для дзяцей.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сьціплы чар правінцыі. 13 беларускіх кніг з Польшчы, пра якія варта ведацьСярод яго выдадзеных паэтычных зборнікаў: «Жыцьцёвыя сьцежкі» (1967), «Дзяцінства прыстань» (1975), «Дружба» (Менск, 1976), «Мая зялёная Зубровія» (Менск, 1990), «Родны схоў» (1991), «Вясёлка» (1991), «Вершы Натальцы» (1998).